БЕЛ Ł РУС

Беларус расказаў, як быў гідам у Дудзя на Мадэйры — елі дранікі ў бары і гулялі ў футбол на стадыёне Раналду

23.10.2025 / 14:39

Nashaniva.com

Данііл Касенка не першы год возіць турыстаў на Мадэйру, працуе гідам і арганізатарам тураў. Нядаўна хлопец папрацаваў разам з Юрыем Дудзём — зорка рускамоўнага ютуба паехаў на Мадэйру запрошаным госцем у тым жа туры, дзе працаваў і Данііл. Хлопец расказаў «Нашай Ніве» пра ўражанні ад супрацоўніцтва.

Пасля футбола. Фота: архіў суразмоўцы

У тура, кажа Данііл, было дзве мэты — не толькі пабачыць Мадэйру, але і пакамунікаваць з Дудзём. За сем дзён на востраве ў кампаніі блогера іншыя ўдзельнікі тура заплацілі па $12500.

Сам Касенка добра ведае Мадэйру і нават жыве там большую частку года. Таму ён і працаваў гідам у туры.

Ад тура ў хлопца шмат уражанняў, і не ў апошнюю чаргу праз тое, што атрымалася папрацаваць з Дудзём:

«Ён вельмі шчыры, вельмі інтэлігентны і разумны, з добрым пачуццём гумару, уважлівы да дэталяў і людзей. Ставіўся да кожнага з павагай, намагаўся для кожнага знайсці час, каб з ім паразмаўляць».

Дудзь аддаў шмат гадоў спартовай журналістыцы, ён шмат ведае пра футбол і любіць у яго гуляць. Удзельнікам тура ён таксама прапанаваў згуляць у футбол, атрымалася зладзіць дзве гульні, прычым адна з іх — на стадыёне, дзе некалі пачынаў кар’еру Крышціяну Раналду.

Па дарозе на вінадзельню. Фота: архіў суразмоўцы

Данііл расказвае, што яго не хацелі пускаць у тую апошнюю гульню — казалі, ён патрэбны ў іншай частцы вострава, куды паехалі астатнія ўдзельнікі тура. Але яго якраз адстаяў Дудзь: маўляў, замены няма, і без Данііла гульня не атрымаецца. Скончылася тым, што Касенка забіў пераможны гол і вырваў перамогу ў каманды Дудзя.

Удзельнікі тура завіталі ў бар Who is Betty, якім валодае беларус Максім Харошын.

Той пачаставаў іх дранікамі, чым вельмі ўразіў Юрыя — блогер казаў, што не еў дранікі ўжо тры гады, і не чакаў, што зможа іх пакаштаваць у бары на Мадэйры.

На світанку. Фота: архіў суразмоўцы

«Мяне ўразіла, што Дудзь разумее ўкраінскую мову і трохі размаўляе на ёй. Здзівіў тым, што ён такі свой у дошку, з ім прыемна размаўляць на любую тэму, ён ведае вельмі шмат усяго.

Яшчэ здзівіў тым, што ён сапраўды класна гуляе ў футбол, добра бачыць поле, ён быў капітанам сваёй каманды.

Шмат жартаваў, не раз казаў пра сям’ю і каштоўнасці», — расказвае Данііл пра расійскага блогера.

Фота: архіў суразмоўцы

Паводле слоў хлопца, Дудзь расказваў яму пра свае цудоўныя ўражанні ад беларусаў, якіх ён сустракаў у Еўропе.

Іншымі ўдзельнікамі тура былі рускамоўныя госці з розных краін, больш за 20 чалавек:

«Усе гэтыя людзі прыемныя, паспяховыя ў сваіх справах, большая частка прыляцела з Еўропы. Яны дзяліліся сваім жыццёвым досведам у кулуарных размовах. Для мяне гэта было карысна — пагутарыць з людзьмі, якія здолелі ў жыцці дамагчыся поспеху, даведацца, як яны мысляць. Удзячны за такую магчымасць і іх парады».

Чытайце таксама:

Юрый Дудзь завітаў да самага знакамітага беларуса на Мадэйры

«Сынок, пакінь мяне. Ратуй людзей!» Хлопец адкрыў агенцтва аўтарскіх тураў і расказаў, як гэта 

Францыю накрыла цэлая эпідэмія рабаванняў музеяў

Каментары да артыкула