Музыкант Алег Скрыпка: Я за вайсковы пераварот
Лідар групы «Воплі Відаплясава» заклікаў перадаць уладу ва Украіне вайскоўцам.
Украінскі музыкант і лідар гурта «Воплі Відаплясава» Алег Скрыпка заявіў аб падтрымцы вайсковага перавароту ў краіне. На яго думку, да кіравання дзяржавай трэба дапускаць выключна вайскоўцаў, якія прайшлі баявыя дзеянні, піша «УНІАН».
На думку музыканта, праблема грамадзян у краіне палягае ў тым, што яны абіраюць папулістаў.
Скрыпка прывёў прыклад, што дзяўчаты ў пераважнай большасці абіраюць мужчын, якія ім «на вушы навешваюць», а яны потым з такой асобай жывуць.
«Або нармальныя мужчыны выбіраюць нейкую левую фіфу з надзьмутымі вуснамі», — дадаў ён.
То бок, на яго думку, людзі не глядзяць у сутнасць рэчаў і не могуць ведаць, што чалавек можа нармальна зрабіць, а што — не. Таму ён мае сумневы, што моцныя палітыкі могуць прыйсці да ўлады ў гэтай сітуацыі.
«Ну, альбо будзе нейкі вайсковы пераварот, я не ведаю, і паставяць класнага вайскоўца. Вось я — за вайсковы пераварот. Каб паставіць нармальнага вайскоўца або нават дапусціць да палітыкі толькі вайскоўцаў. Усё! Вось хто прайшоў баявыя дзеянні», — сказаў Скрыпка.
У якасці прыкладу музыкант назваў камандуючага Сіламі беспілотных сістэм Роберта «Мадзяра» Броўдзі і валанцёра Сяргея Сцярненку, якіх «ведаюць мільёны».
«І то іх трэба правяраць. Мы ж не ведаем: ёсць вобраз медыйны, і трэба праверыць. Вось такіх людзей толькі і дапускаць у палітыку: у Вярхоўную Раду і г. д. Хто ваяваў. Ну, і то, хто будзе правяраць: хто за грошы зойдзе, хто не за грошы», — кажа спявак.