Пяць жыхароў Навагрудка асудзілі за стварэнне дваровага чата. Усіх у калонію
Пяцярых жыхароў Навагрудку асудзілі да калоніі па «справе дваровых чатаў» за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні». Затрымалі іх год таму.
У Гродзенскім абласным судзе 21 кастрычніка агучылі прысуд пяцярым палітзняволеным: Таццяне Палубок, Вользе Аляшкевіч, Ігару Хіневічу, а таксама мужу і жонцы Аляксандру і Ірыне Лебедзь.
Паводле звестак «Вясны», іх прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 361‑1 Крымінальнага кодэксу (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім) і прызначылі па два з паловай гады зняволення кожнаму, а таксама штрафы памерам 800 базавых велічынь.
Таццяну Палубок, Вольгу Аляшкевіч, Ігара Хіневіча, Аляксандра і Ірыну Лебедзь затрымалі 31 кастрычніка 2024 года. Тады супрацоўнікі КДБ зладзілі рэйд на актывістаў па ўсёй краіне.
Яны затрымлівалі людзей, якія, на іх думку, былі датычныя да «дваровых чатаў». Праваабаронцы мяркуюць, што жыхароў Навагрудка затрымалі за тэлеграм-чат «Партызаны Наваградку». Фігурантаў увесь час утрымліваюць у гродзенскай турме № 1.