«240 рублёў за «камуналку» ў аднапакаёўцы». Мінчане атрымалі жыроўкі, ад якіх унутры пахаладзела
Жыхары дзевяціпавярховіка на вул. Чыгладзэ, 10, ужо тыдзень спрабуюць разгадаць загадку: адкуль у жыроўках за верасень з'явіліся касмічныя сумы за гарачую ваду?
Калі перавесці на мову лічбаў, за верасень уладальніку аднапакаёўкі Дзмітрыю, напрыклад, давядзецца заплаціць ажно 250 рублёў. Забягаючы наперад, адзначым: вырашыць гэтую няпростую задачу спрабавалі ўсёй шматпавярхоўкай. Не адразу, але адказ на яе ўсё ж такі быў знойдзены, піша Onliner.by.
— У кастрычніку ў жыхароў нашага дома валасы літаральна сталі дыбам: ніколі яшчэ гарачая вада не абыходзілася нам так дорага. Мне за аднапакаёўку налічылі 240 рублёў, з якіх 157 рублёў прыйшлося на 6 кубоў гарачай вады. І гэта нават без ацяплення! — эмацыйна расказвае адзін з жыхароў дома Дзмітрый. — Для параўнання, у жніўні за 8 кубоў я заплаціў 70 рублёў. Зразумеў, што адбываецца нейкая лухта. Узяў жыроўкі за апошні год і ўбачыў, што агульнадамавы паказчык лічыльніка падагрэву вады завышаны ў два з паловай разы. Замест звычайных 15—18 гКал паказана лічба ў 48,46 гКал.
Дзмітрый кажа, пасля гэтага стаў званіць у Мінскія цепласеткі, дзе яму патлумачылі, што разлік па дамове быў узяты па «максімуму».
— Я зноў звярнуўся да камунальнікаў, якія не адразу, але прызналі памылку і паабяцалі зрабіць у бліжэйшыя дні пераразлік. У выніку высветлілі, што яны пералічаць суму ў лістападзе, пры гэтым у кастрычніку давядзецца заплаціць па поўнай, інакш выставяць пеню. У мяне пытанне: чаму я павінен плаціць за чыесьці памылкі? — здзіўляецца мінчанін.
Журналісты звязаліся з ЖЭС №43, каб даведацца, адкуль у жыроўках за кватэры на вул. Чыгладзэ, 10, узяліся такія сумы. Камунальнікі адказалі коратка: у сістэме ўзнікла памылка, але адказнасць за яе нясе «Белсантэхэнерга».
— Так, сапраўды, адбылася памылка, гэта выключна чалавечы фактар. У той перыяд якраз быў запуск ацяплення ў жылых дамах. Гэты дом не адзіны, дзе адбылася такая сітуацыя. У лістападзе будзе зроблены пераразлік, пасля чаго жыхарам кампенсуюць выдаткі, — удакладнілі ў дзяржарганізацыі.
А як быць пенсіянерам, якім памылковыя сумы ў жыроўках могуць моцна ўдарыць па кішэні? З гэтым пытаннем журналісты звярнуліся спярша ў ЖЭС №43, а затым у разлікова-даведачны цэнтр №5.
— Пераразлік за гарачую ваду будзе зроблены ў кастрычніцкай жыроўцы. Зараз жыхарам дома па вул. Чыгладзэ, 10, пажадана заплаціць усю суму, інакш можа быць налічана пеня. РДЦ выстаўляе даныя, якія атрыманы ад Мінскіх цепласетак. Гэта значыць гэта не наша памылка, — падсумаваў спецыяліст.