Вызначылі асобу чалавека, які пагражаў забойствам Ціханоўскай і Латушку
Але ў інтарэсах следства імя не называецца.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Кіраўнік НАУ Павел Латушка даў паказанні ў якасці сведкі ў раённай камендатуры паліцыі Варшавы ў сувязі з публічнай інфармацыяй пра пагрозы забойствам на адрас яго і Святланы Ціханоўскай з боку пэўнай асобы, паведамляецца ў тэлеграм-канале Латушкі.
Сабраныя матэрыялы і доказы былі накіраваныя камендатурай паліцыі ў адрас акружнога пракурора Варшавы з мэтай прыняцця рашэння аб далейшых працэсуальных дзеяннях.
Асабістыя даныя асобы, якая пагражала Святлане Ціханоўскай і Паўлу Латушкі, былі ідэнтыфікаваныя дзякуючы «Белполу».
Імя гэтага чалавека не паведамляецца, але вядома, што пагрозы зыходзяць ад асобы, што пражывае на тэрыторыі Польшчы.
«Супраць дэмакратычных інстытутаў і грамадзянскай супольнасці Беларусі, актывістаў дэмакратычных сілаў, рэжым Лукашэнкі ажыццяўляе адкрытую, маштабную, сістэмную, супрацьзаконную дзейнасць, у тым ліку экстэрытарыяльнага характару. Мы можам ацэньваць гэта як абвешчаную вайну з боку рэжыму Лукашэнкі з мэтай ліквідацыі дэмакратычнай альтэрнатывы. (…) Мы адзначаем, што за апошнія месяцы колькасць пагроз, правакацый і іншых супрацьпраўных дзеянняў значна павялічылася. Усе гэтыя пагрозы накіраваныя супраць дзейнасці дэмакратычных інстытутаў, якія з’яўляюцца альтэрнатывай рэжыму Лукашэнкі», — дадаў Павел Латушка.