У Туркменістане цяжарная жанчына памерла, бо яе аўтамабіль не пусцілі праз картэж Бердымухамедава
Муж жанчыны на каленях прасіў сілавікоў, якія перакрылі дарогу, прапусціць іх аўтамабіль.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: azathabar.com
У Туркменістане цяжарная жанчына памерла, бо яе аўтамабіль не прапусцілі праз картэж прэзідэнта Сердара Бердымухамедава. Здарэнне адбылося 15 кастрычніка 2025 года, піша «Настоящее Время» са спасылкаю на туркменскую службу Радыё Свабода/Азатлык.
Бердымухамедаў у гэты дзень прымаў удзел у цырымоніі закладкі падмурка комплексу па вытворчасці мінеральных угнаенняў на хімічным заводзе імя Ніязава ў Туркменабадзе.
У горадзе былі перакрыты вуліцы, а рух транспарту і пешаходаў абмежаваны.
Крыніца выдання расказала, што муж жанчыны на каленях прасіў сілавікоў, якія перакрылі дарогу, прапусціць іх аўтамабіль. «Яны яго не прапусцілі. Яму сказалі: «Ідзіце ў раённую бальніцу праз завулкі». Па дарозе ў раённую бальніцу яго жонка памерла ў яго на руках. Таксама загінула дзіцё. Калі яны дабраліся да бальніцы, дактары сказалі: «Вы спазніліся», і адразу ж выклікалі паліцыю», — расказаў ён.
Паводле слоў крыніцы, на наступны дзень пасля інцыдэнту з мужам загінулай жанчыны пагаварыў супрацоўнік службы бяспекі і загадаў яму нідзе не абмяркоўваць тое, што адбылося: «З моманту інцыдэнту сілы бяспекі ахоўваюць дом гэтай сям'і. Муж загінулай заявіў, што падасць скаргу прэзідэнту, будзе дамагацца справядлівасці і паведаміць пра тое, што здарылася, СМІ і ў ААН. З таго часу супрацоўнікі сілавых структур прыходзілі да яго дадому і пагражалі».
Крыніца ў цэнтры перынаталогіі і гінекалогіі «Энэ мыхры» паведаміла, што ў дзень візіту Сердара Бердымухамедава «практычна ўсе дарогі Туркменабада былі перакрыты».
«Сілавікі нават не выпускалі машыны хуткай дапамогі са стаянкі нашай бальніцы. Ніводзін з гараджан, якія выклікалі ў той дзень хуткую, не змог атрымаць медыцынскую дапамогу», — адзначыла крыніца.