Былы кіраўнік Рэчыцы трапіў у СІЗА
Віталя Панчанку абвінавачваюць у перавышэнні ўлады або службовых паўнамоцтваў (частка 3 арт. 426 КК), піша «Флагшток».
Віталь Панчанка
Па версіі следства, былы кіраўнік Рэчыцкага райвыканкама Панчанка з 2017 па 2022 гады даваў незаконныя ўказанні падначаленым аб унясенні загадзя ілжывых звестак у дакументы. Такім чынам быў скрыты падзёж каля 1 500 галоў жывёл. У красавіку 2025 года справу ў дачыненні да Панчанкі распачала Генпракуратура.
У канцы верасня Панчанку ўзялі пад варту, цяпер ён знаходзіцца ў СІЗА-3 Гомеля. Наколькі вядома «Флагштоку» экс-чыноўніка спрабаваў аформіць фіктыўную інваліднасць для змякчэння будучага прысуду.
Для гэтага ён падключыў свае сувязі: былы галоўны ўрач Рэчыцкай ЦРБ, а цяпер — лекар паліклінікі медыцынскіх аглядаў Аляксандр Пузянкоў асабіста вадзіў Панчанку па кабінетах і дапамагаў падрыхтоўваць дакументы для афармлення ліпавай інваліднасці. Высветлілася пікантная падрабязнасць: Панчанка і Пузенкоў — кумы.
Акрамя таго, Панчанка, выкарыстоўваючы свае сувязі ў праваахоўнай сістэме, паспрабаваў аказваць ціск на сведак па справе. Аказалася, што жонка Аляксандра Пузянкова знаходзіцца ў сваяцтве з былым пракурорам Гомельскай вобласці Віктарам Марозавым.
У 2022 годзе Панчанка ўжо быў у СІЗА, але тады яму ўдалося пазбегнуць пакарання — ён нават апынуўся на пасадзе ідэолага «Беларуснафты».
У 2020 годзе Панчанка на некалькі хвілін выйшаў да пратэстоўцаў і збег.