Беларусы змогуць набываць кнігі ўсляпую — на іх нават будзе зніжка
Сетка крам OZ.by запускае эксперымент для чытачоў.
З 21 кастрычніка на паліцах з’явяцца выданні ў непразрыстых пастэльных упакоўках, дзе замест звыклай вокладкі — кароткае апісанне сюжэту, піша Tochka.by.
Назвы і аўтары застануцца ў сакрэце да самага моманту распакоўкі. Праўда, некаторыя змогуць здагадацца і па кароткай анатацыі, бо кнігі для акцыі падабралі даволі вядомыя. Усяго выбралі каля 30 твораў.
Сярод іх — «Марцін Ідэн», «Навальнічны перавал», «451° па Фарэнгейце», «Партрэт Дарыяна Грэя», «Кветкі для Элджэрнона», «Нарвежскі лес», «Калі ўсе кошкі ў свеце знікнуць», «Агент прывід. Духі Мінска» і іншыя.
Той, хто вырашыць выпрабаваць лёс, атрымае кнігі са зніжкай 20%. А на некаторыя творы цана знізіцца на 30%.«Мы хочам дадаць трохі вастрыні ў такую звыклую справу, як купля кніг. Няхай чытачы адчуюць лёгкае хваляванне — як перад спатканнем усляпую», — адзначылі ў OZ.
Праўда, можна даведацца назву кнігі і да распакоўкі. Для гэтага дастаткова адсканаваць QR-код, які ёсць на адваротным баку кожнай упакоўкі.
Так што калі ўпадабаная кніга ёсць у спісе, то яе лёгка можна набыць з прыемным дысконтам.