БЕЛ Ł РУС

Адно з забойстваў у Беларусі раскрылі амаль праз 50 гадоў

21.10.2025 / 15:24

Nashaniva.com

А самае старое нераскрытае забойства ў Беларусі адбылося 74 гады таму.

Адно з забойстваў у Беларусі раскрылі амаль праз 50 гадоў. Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення аналізу практыкі і метадычнага забеспячэння папярэдняга расследавання цэнтральнага апарата СК Канстанціна Глаўніцкага, яно адбылося яшчэ ў 1976 годзе, піша БелТА.

Гэта была справа аб забойстве вартаўніка бабруйскай школы №7 у лістападзе 1976 года.

Тады праваахоўнікі не змаглі ўстанавіць асобу злачынцы. Аднак з месца здарэння быў ўзяты след пальца рукі. У 2023 годзе яго накіравалі на даследаванне ў Расійскую Федэрацыю і атрымалі супадзенне з жыхаром Бабруйска, які памёр у 2017 годзе.

Пры вобшуку ў 2024 годзе жылля грамадзяніна, у яго знайшлі кнігі са школьнай бібліятэкі, скрадзеныя ў дзень забойства. Скурпулёзна вывучыўшы асобу гэтага чалавека, было ўстаноўлена, што ён у 1977—1998 гадах неаднаразова здзяйсняў падобныя крадзяжы. Такім чынам, былі сабраныя доказы.

У мінулым годзе справа спыненая па нерэабілітуючых падставах — у сувязі са смерцю асобы, якая здзейсніла злачынства.

Таксама ў Следчым камітэце расказалі пра самае старое нераскрытае забойства ў Беларусі. 

«Самае старое нераскрытае забойства — 1951 года: у Бабруйскім раёне была знойдзеная забітая малалетняя дзяўчынка са слядамі згвалтавання», — паведаміў прадстаўнік ведамства.

Ён удакладніў, што гэта злачынства раней правяралі на сувязь з серыяй забойстваў і згвалтаванняў, здзейсненых у Віцебскай вобласці ў 1971—1985 гадах так званым «віцебскім душыцелем» Генадзем Міхасевічам.

Глаўніцкі адзначыў, што справы аб забойствах з асаблівай жорсткасцю, як правіла, не закрываюцца, а прыпыняюцца — следчыя і аператыўнікі працягваюць праверку па наяўных базах даных.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула