БЕЛ Ł РУС

На мяжы нуль машын, а выехаць можна толькі праз тыдзень. Што адбываецца з выездам з Латвіі ў Беларусь

22.10.2025 / 17:4

Nashaniva.com

Ужо тыдзень на выездзе з Латвіі ў Беларусь дзейнічае платная электронная чарга. Падарожнікі скардзяцца, што цяпер выехаць з Латвіі ў гэты бок вельмі складана. Разабраліся, што там адбываецца.

Уезд у Беларусь з Латвіі. Фота: gpk.gov.by

Што змянілася?

Пачынаючы з 15 кастрычніка 2025 года, каб выехаць з Латвіі ў Беларусь і Расію, трэба загадзя зарэгістравацца ў электроннай чарзе. Збор складае — 9,3 еўра.

Латвійскі ўрад тлумачыць новаўвядзенне жаданнем упарадкаваць рух на мяжы і скараціць чэргі.

У выніку фізічныя чэргі, якія на латвійскім кірунку і без гэтага былі рэдкасцю, зніклі наогул. 

Па стане на вечар 21 кастрычніка, бліжэйшая свабодная дата на выезд з Латвіі ў Беларусь праз адзіны дзейны пункт пропуску «Патэрніекі» (з беларускага боку «Грыгароўшчына») — 29 кастрычніка, а 23‑й гадзіне.

Скрыншот: lvrobeza.lv

Для тых, хто не гатовы да перасячэння мяжы ў начныя гадзіны, сітуацыя выглядае яшчэ горшай. Бліжэйшае акенца з праездам у дзённы час ёсць толькі на 3 лістапада.

Адносна свабодна выбіраць час выезду з Латвіі можна пачынаючы з 6 лістапада.

Ці можна праехаць раней, калі на мяжы пуста?

Па падліках людзей, якія часта перасякалі гэтую мяжу, пасля з'яўлення электроннай чаргі прапускная здольнасць знізілася амаль у два разы.

«Праз гэты пераход амаль заўсёды праходзіла 80‑100 машын у суткі, і ні чаргі перад латвійскім шлагбаумам, ні асаблівай таўханіны на самой мяжы на выезд з Латвіі не было. Зараз колькасць рэгістрацыйных слотаў на суткі — 55. Так што было пуста, а цяпер, вядома ж, стане яшчэ больш пуста!» — піша адзін з карыстальнікаў адмысловага чата ў тэлеграме.

Скрыншот: belgranica/ Telegram

Пры гэтым, паводле інфармацыі на сайце беларускага Памежнага камітэта, прапускная здольнасць пункта «Грыгароўшчына» складае 300 легкавых аўто ў суткі ў адным кірунку.

Сітуацыю, якая склалася, некаторыя падарожнікі ў чатах называюць фактычным закрыццём мяжы Латвія. Іншыя пагаджаюцца, што новаўвядзенні з электроннай чаргой зробленыя для таго, каб ніхто не ездзіў.

Іншых варыянтаў, як загадзя запісацца ў электроннай чарзе за 9,3 еўра і прыехаць у абазначаны час на мяжу, няма.

«Тэлефанаваў цяпер ім, пытаўся: што калі няма вольнага часу на канкрэтную дату, ці можна прыехаць на мяжу і дачакацца вольнага акна? Адказалі: вас не запусцяць, а ўезд дазволяць на падставе свабоднай даты і часу на сайце», — дзеліцца досведам удзельнік прыгранічнага чата.

Шмат абмеркаванняў гэтай тэме прысвечана ў фэсбуку. 

Некаторыя людзі, якія днямі праязджалі праз мяжу, распавядаюць, што прыязджалі за 1,5‑2 гадзіны да назначанага часу і іх запускалі раней, бо машын на мяжы не было. 

Скрыншот: «Граница ПАТЕРНИЕКИ — ГРИГОРОВЩИНА» / Facebook

«Тыдзень таму купіла электронную чаргу. Сёння, 17 кастрычніка, у мяне быў час 11:00. Пад'ехала да шлагбаума ў 9:40. І паколькі не было машын на мяжы, мяне прапусцілі ў гэты час. Усё вельмі хутка. На беларускім баку таксама не затрымалі. Усё ў звычайным рэжыме», — падзялілася падарожніца.

Але наўмысна прыязджаць за некалькі гадзін да забраніраванага часу не варта, бо не ўсе пагранічнікі гатовыя прапусціць машыну раней, нават з улікам пустой граніцы.

«Зарэгістраваліся на 20:10 (першы вольны час які быў), а прыбылі на мяжу а 14:30 (прыплылі на пароме са Швецыі раніцай і адразу накіраваліся на мяжу). Накіраваліся адразу да паста, каб даведацца што ды як. Мяжа была пустая, ніводнай машыны. Памежнікі сказалі: чакайце і спрабуйце а 18‑й вечара, а пакуль чакайце на паркоўцы справа ад паста. А 18‑й пад'ехалі зноў, памежнікі змяніліся і сказалі чакайце смс. У выніку смс прыйшло за 20 хвілін, то бок а 19:50», — падзялілася інфармацыяй падарожніца, яка ехала 15 кастрычніка.

Скрыншот: «Граница ПАТЕРНИЕКИ — ГРИГОРОВЩИНА» / Facebook

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула