Трамп заклікаў Зяленскага пагадзіцца на ўмовы Расіі
На сустрэчы ў Белым доме ў пятніцу Трамп перадаў Зяленскаму словы Пуціна, што калі Украіна на гэта не пагодзіцца, то ён яе «знішчыць». Пра гэта піша Financial Times са спасылкай на крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.
Фота: Andrew Harnik/Getty Images
Па словах суразмоўцаў газеты, сустрэча прэзідэнтаў ЗША і Украіны шмат разоў перарастала ў «сварку крыкамі», пры гэтым Трамп «увесь час лаяўся».
Яны дадалі, што прэзідэнт ЗША адкінуў карты лініі фронту ва Украіне, настойваў на тым, каб Зяленскі здаў увесь Данбас Пуціну, і неаднаразова паўтараў тэзісы, якія расійскі лідар агучыў падчас іх тэлефоннай размовы днём раней.
Хоць Украіне ўдалося пераканаць Трампа падтрымаць замарожванне бягучай лініі фронту, гэтая вострая сустрэча, здаецца, адлюстравала зменлівасць пазіцыі Трампа ў дачыненні да вайны і яго гатоўнасць падтрымаць максімалісцкія патрабаванні Пуціна, піша выданне.
Падчас пятнічнай сустрэчы Трамп даслоўна паўтарыў многія тэзісы Пуціна, нават калі яны супярэчылі ягоным уласным нядаўнім заявам аб слабасці Расіі, паведамілі еўрапейскія чыноўнікі, азнаёмленыя з ходам сустрэчы.
Выданне пацвярджае інфармацыю аб тым, што падчас тэлефоннай размовы ў чацвер «Пуцін зрабіў Трампу новую прапанову, згодна з якой Украіна аддасць кантраляваныя ёю часткі Усходняга Данбасу ў абмен на невялікія тэрыторыі дзвюх паўднёвых прыфрантавых абласцей — Херсонскай і Запарожскай».
Як гаворыцца ў матэрыяле, расійская прапанова з'яўляецца невялікай саступкай у параўнанні з той, якую Пуцін зрабіў падчас апошняй сустрэчы з Трампам у Алясцы ў жніўні, дзе ён заявіў, што пагодзіцца замарозіць лінію фронту ў іншых рэгіёнах, калі Украіна аддасць Данбас.
Як піша выданне, ваяўнічае паўтарэнне Трампам рыторыкі Пуціна ў пятніцу разбурыла надзеі многіх еўрапейскіх хаўруснікаў Украіны на тое, што яго можна пераканаць павялічыць падтрымку Кіева.
Трое іншых еўрапейскіх чыноўнікаў, якія былі праінфармаваныя аб абмеркаванні ў Белым доме, пацвердзілі, што Трамп правёў большую частку сустрэчы, чытаючы лекцыі Зяленскаму, паўтараючы аргументы Пуціна адносна канфлікту і заклікаючы яго прыняць расійскую прапанову.
«Зяленскі быў вельмі негатыўна настроены» пасля сустрэчы, са слоў аднаго з чыноўнікаў, які дадаў, што еўрапейскія лідары «не былі аптымістычнымі, але прагматычна падыходзілі да планавання наступных крокаў».
Чытайце таксама:
Зяленскі: Пуцін мяне ненавідзіць. У мяне аналагічнае стаўленне да яго
Трамп прапанаваў і Расіі, і Украіне абвясціць сябе пераможцамі
Трамп сказаў Зяленскаму, што пакуль не мае намеру пастаўляць Кіеву ракеты «Тамагаўк»
Зяленскі гэтым разам ездзіў да Трампа з картамі Расіі
Зяленскі прапануе Трампу ў абмен на «Тамагаўкі» ўкраінскія дроны