БЕЛ Ł РУС

У Telegram пачалі рэкламаваць прыкладанне Telega, але яго стварылі ў Расіі

19.10.2025 / 22:25

Nashaniva.com

На афіцыйнай рэкламнай платформе Telegram з'явілася рэклама прыкладання Telega — яго пазіцыянуюць як альтэрнатыву афіцыйнаму кліенту месенджара ў Расіі: стваральнікі абяцаюць «працу без абмежаванняў» і магчымасць тэлефанаваць без VPN. Як высветліла «Агенцтва», стваральнікі Telega раней распрацоўвалі відэасэрвіс з «Укантакце».

Рэклама Telega

Першая версія прыкладання называлася «Даль» і выйшла ў AppStore у лютым, у RuStore і Google Play — у красавіку. У верасні «Даль» перайменавалі ў Telega. Згодна са статыстыкай Google Play і RuStore, Telega спампавалі больш за 130 тысяч разоў (у AppStore інфармацыі аб колькасці спамповак няма).

Рэклама Telega

Распрацоўшчык кліента Telegram Catogram (піша пад нікам iTaysonLab) распавёў «Агенцтву», што «100% інфраструктуры» Telega створаныя «на базе ВК». Да такой высновы ён прыйшоў, аналізуючы APK-файл прыкладання. Проксі-адрас Telega вядзе на ўнутраны дамен VK — dal.mvk.com, сцвярджае праграміст.

Званкі ў Telega праходзяць праз тую ж інфраструктуру, што і ў расійскага месенджара Max (calls.okcdn.ru), сказаў ён. API-ключ, знойдзены ў кодзе, — службовы ключ для сэрвісаў VK, які выкарыстоўваецца ўнутранымі сістэмамі карпарацыі і не выдаецца іншым карыстальнікам і распрацоўшчыкам.

Аўтарызацыя ў сэрвісе адбываецца праз чат-бот і SMS. За кошт гэтага прыкладанне атрымлівае нік карыстальніка, IP, нумар тэлефона, мову, час сесіі, і магчымасць сачыць па метаданых, хто з кім і калі мае зносіны.

Распрацоўшчык Catogram таксама выявіў у кодзе функцыю «чорнага спісу» каналаў, ботаў і карыстальнікаў, якая актывуецца на серверы прыкладання.

З высновамі iTaysonLab пагадзіліся IT-эксперт Міхаіл Клімараў, кіберадвакат Саркіс Дарбінян і яшчэ адзін эксперт у IT-сферы.

У адказ на запыт «Агенцтва» у Telega паведамілі, што «не ўдзельнічаюць у праектах VK». Паведамленні і звесткі, са слоў стваральнікаў праекта, «апрацоўваюцца на баку Telegram у адпаведнасці з яго пратаколамі». «Агенцтва» у нядзелю накіравала запыт Telegram.

Аляксандр Смірноў (справа) і Фаніс Садыкаў (злева). Фота: «Агенцтва»

Распрацоўшчыкам прыкладання Telega у AppStore пазначаны «Тэхналогіі карыстальніцкіх камунікацый». Яго саўладальнікі — Аляксандр Смірноў, Фаніс Садыкаў і яго жонка Энжэ. У лютым 2025 года кампанію купіла АТ «Даль» (пазначана распрацоўшчыкам у RuStore і GooglePlay). Бенефіцыяры «Далі» не раскрываюцца, гендырэктарам указаны Смірноў.

34‑гадовы Смірноў і 34‑гадовы Садыкаў пазнаёміліся ў 2013‑м на форуме «Селігер», а пазней пачалі развіваць стартап Смірнова па пошуку мерапрыемстваў Relax Up.

У 2015‑м Смірноў і Садыкаў, па іх словах, распрацавалі відэасэрвіс Movika. У 2021‑м кантрольны пакет «Тэхналогій інтэрактыўнага відэа», якія кіруюць дадаткам, атрымала ТАА «Лічбавыя актывы» (даччыная кампанія «Сбера»). У 2022 годзе кантрольны пакет Movika (87%) выкупіла VK Group.

Калі ў ліпені 2023 года VK адкрыла свой IT-хаб у Казані, Садыкаў на сваёй старонцы ва «Укантакце» назваў гэта «прызнаннем нашай працы».

Перад гэтым Смірноў (у перыяд з 23 студзеня па 25 лютага 2023 года) і Садыкаў (у прамежку паміж 24 лютага і 8 мая) змянілі нікі ў VK на трохзначныя — з dlin на xan і з fanissadicov на fns. Са слоў суразмоўцы «Агенцтва» у IT-сферы, такая магчымасць ёсць толькі ў супрацоўнікаў VK. Для звычайных карыстальнікаў мінімальная даўжыня ніка — пяць сімвалаў (акрамя нікаў, зарэгістраваных да 2010 года).

У 2024 годзе VK цалкам выкупіла Movika.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула