БЕЛ Ł РУС

22‑гадовая беларуска жыве ў Новай Зеландыі і расказвае, як яно

21.10.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Паўгода таму Аляксандра пераехала з Беларусі ў Новую Зеландыю. У сваім тыктоку і на ютуб-канале дзяўчына расказвае пра жыццё на іншым баку планеты і посціць маляўнічыя кадры з пляжамі, пальмамі і горнымі вяршынямі.

Фота: magnaett / Instagram

Аляксандры 22 гады. Пасля школы яна паступіла ва ўніверсітэт, каб вывучаць нямецкую мову, але на другім курсе адлічылася — маўляў, там было шмат лішніх прадметаў, акрамя моваў. Праз нейкі час дзяўчына пачала зарабляць на сацсетках. Калі ёй было 19, Саша пераехала ў Польшчу, стала падарожнічаць па Еўропе і здымаць пра гэта відэа.

Аднойчы на яе падпісаўся хлопец з Новай Зеландыі, яны пачалі перапісвацца. І закруцілася:

«Праз год камунікацыі ён прапанаваў, каб мы сустрэліся, прыязджаў у Беларусь. Потым мы пачалі спрабаваць рабіць мне візу, каб я прыехала ў Новую Зеландыю. Я тады нават не верыла, што змагу тут апынуцца, мозг нібыта абмяжоўваў такую думку.

Мы падаліся на візу недзе ў лістападзе 2024-га, і праз два месяцы я яе атрымала. Гэта была электронная гасцявая віза на год, па якой я магла там знаходзіцца толькі паўгода і мусіла выязджаць кожныя тры месяцы».

Новая краіна Сашы вельмі спадабалася:

«У Новай Зеландыі зусім няма небяспечных жывёлаў, няма павукоў і змей, як у Аўстраліі. Тут можна хадзіць дзе заўгодна, не баючыся, што сустрэнеце анаконду. Гэта не трапічны востраў, тут такія ж хвойныя дрэвы, як у нас, хаця ёсць і свае ўнікальныя расліны, ёсць пальмы. Мне падабаецца, што гэта не трапічны клімат, ён нагадвае Еўропу.

Таксама мне даспадобы, што Новая Зеландыя — гэта не перанаселеная краіна, можна падарожнічаць без натоўпаў турыстаў».

Саша жыве каля Велінгтана, гэта сталіца краіны і вельмі ветраны горад. Паколькі Новая Зеландыя знаходзіцца параўнальна блізка да Анктарктыды, адтуль у краіну трапляе шмат вятроў. А яшчэ надвор’е ў Новай Зеландыі вельмі хутка змяняецца, і бываюць вялікія перапады тэмпературы.

@magnaett Если захотите жить возле Веллингтона, хорошо подумайте #новаязеландия ♬ Vibes do Studio Ghibli - Dandara Music

«Я прыехала сюды ў красавіку, калі тут была восень. Калі вы не ведаеце, у Новай Зеландыі ўсё наадварот: калі ў Еўропе лета, тут — зіма.

Для восені надвор’е было сапраўды камфортнае, было цёпла, але потым пачалася зіма. За год я перажыла дзве зімы!

Наша еўрапейская зіма больш суворая і халодная, і я не магу скардзіцца, бо ў Новай Зеландыі сапраўды адносна цёпла — сярэдняя тэмпература [зімой] недзе +15 градусаў».

Здавалася б, выдатна? Але пры гэтым, кажа беларуска, у новазеландскіх дамах няма цэнтральнага ацяплення, і добра, калі дома ёсць камін:

«Сапраўды пачало надакучваць, калі табе ранкам, увечары або цягам усяго дня трэба мерзнуць дома з кандыцыянерам, ты сябе адчуваеш некамфортна».

Новая Зеландыя знаходзіцца ў зоне азонавай дзіркі, таму на вуліцы можна хутка абгарэць пад сонцам. Яшчэ гэта сейсмаактыўная зона — у краіне ёсць актыўныя вулканы і магчымыя землятрусы.

Краіна аддаленая ад амаль усіх населеных кантынентаў, за выключэннем Аўстраліі. Саша называе гэта і плюсам, і мінусам. З аднаго боку, гэта спрыяе бяспецы, бо Новая Зеландыя аддаленая і ад шматлікіх маштабных здарэнняў, але, з іншага боку, гэта край свету, і дабірацца адтуль да Еўропы вельмі складана — такая паездка можа каштаваць некалькі тысяч даляраў. Беларуска дзеліцца, што прыняць такую аддаленасць псіхалагічна няпроста.

Дарэчы, пра цэны. Жыццё ў Новай Зеландыі дарагое:

«Напрыклад, 20 яек будуць каштаваць 15 новазеландскіх даляраў (прыкладна 7,5 еўра — НН). Лічу, што тут падобныя цэны да Амерыкі, але шмат хто скардзіцца, бо працы мала. Шмат людзей пераязджае ў Аўстралію».

Беларуска прызнаецца, што ў яе новым жыцці шмат праблем. Яе цягне дадому, яна не мае ў Новай Зеландыі сяброў. Але дзяўчына трымаецца, бо звяртае ўвагу толькі на добрае.

Саша называе Новую Зеландыю найпрыгажэйшай краінай. І, гледзячы па яе блогах, ёй можна паверыць. Беларуска рэгулярна публікуе фота і відэа, знятыя ў маляўнічых кутках краіны: напрыклад, на фоне заснежаных горных вяршынь, вадаспадаў і зялёных узгоркаў.

@magnaett

Life in New Zealand is like

♬ son original - • 歌

І пры гэтым у Новай Зеландыі можна занудзіцца — па словах Сашы, пра гэта кажа палова яе новазеландскіх знаёмых:

«Трэба разумець, што Новая Зеландыя — гэта ўсё-ткі не Ібіца і не Барселона. Вядома, у Оклендзе ёсць розныя мерапрыемствы, ёсць нейкія клубы, вечарыны і гэтак далей. Але ў параўнанні з еўрапейскімі гарадамі, Амерыкай і гэтак далей, тут, вядома, больш нудна. 

Але калі вы любіце прыроду, хайкінг і нейкія актыўныя віды спорту, гэта краіна для вас».

Чытайце таксама:

У Іўеўскім раёне фотапастка зафіксавала янота-паласкуна

Ген выжывання: навукоўцы разгадалі сакрэт афрыканскага племені, якое амаль не п'е вады і есць толькі мяса

Як супакоіць сверб без чухання — навукова даказаны метад

Каментары да артыкула