Што трэба было куратару з КДБ ад Ліцэя БДУ да 2020 года?
Пра гэта ў новым выпуску ТОКу расказаў Ігар Варакса, які ў 2019—2021 гадах займаў пасаду дырэктара гэтай навучальнай установы.
Як сцвярджае Варакса, у Ліцэя БДУ здаўна быў куратар з КДБ. Аб існаванні такога чалавека яго папярэдзіў папярэдні дырэктар, калі перадаваў справы:
«Мне дырэктар, калі сыходзіў, сказаў: «Вось нумар тэлефона. Будзе табе тэлефанаваць, гэта наш куратар з КДБ». «І што яму трэба?» — кажу. «А нічога. Мне звычайна тэлефануе ў верасні». Я кажу: «Ну добра».
Па словах Вараксы, яму сапраўды патэлефанавалі ў верасні. І яго здзівіла, з якой нагоды:
«Я думаю: «О, куратар». Ну, окей, і што? «Дзень добры. Кажуць, вось у вас набор у вячэрні ліцэй. Трэба вось, можа, там…».
«Вось і ўсё, што было трэба да 2020 года куратару ад КДБ ад Ліцэя БДУ. Можа, у вячэрні ліцэй кагосьці ўзяць, — кажа былы дырэктар установы.
Як тлумачыць Варакса, у адрозненне ад дзённай формы навучання, колькасць месцаў на якой абмежаваная бюджэтам, вячэрні ліцэй, — камерцыйны праект. Там рыхтавалі дзевяцікласнікаў да паступлення ў Ліцэй БДУ. Таму месцаў шмат, ніякіх абмежаванняў няма».
«Ты можаш і так пайсці і напісаць заяву, гэта не праблема. А камусьці трэба менавіта праз куратара. Кажаш: «Вось там у нас такі кабінет. Трэба прыйсці і дамову заключыць». — «Дзякуй, што сказалі, усё перадам». Вось і ўсе адносіны»,
— згадвае Варакса і дадае, што пазней, прыкладна ў лістападзе-снежні 2022‑га года «з'явіліся іншыя супрацоўнікі, якія ўжо займаліся канкрэтнай работай на месцы».
Чытайце таксама:
Экс-дырэктар Ліцэя БДУ пра наданне імя Дзяржынскага: Духу ліцэя там ужо няма
У Ліцэй БДУ прызначылі новую дырэктарку
Стала вядома, хто той куратар КДБ, які прапаноўваў ляхавіцкай настаўніцы даносіць на калег