БЕЛ Ł РУС

«Рукі прэч ад сасісачак!». У сацсетках горача абмяркоўваюць барацьбу Лукашэнкі з кавай на запраўках. Некаторыя заклікаюць дзейнічаць больш жорстка

18.10.2025 / 21:28

Nashaniva.com

Адны лічаць, што праблема з чэргамі праз аматараў кавы на запраўках надуманая. Іншыя ж выступаюць за строгі парадак. «Учора прыехала парачка і паралізавала сваімі хот-догамі касу».

Скрыншот відэа ў тыктоку

Маштабы продажу кавы на АЗС уражваюць. Намеснік гендырэктара кампаніі «Беларуснафта» Сяргей Каморнікаў расказваў, што на іх запраўках за год рэалізоўваецца 16‑17 мільёнаў кубкаў кавы: «Сёння прадпрыемства абсмажвае больш за 25 тон кававага зерня за месяц. Вытворчыя магутнасці дазваляюць павялічыць аб'ёмы ўдвая».

Каморнікаў падкрэсліваў, што амаль што самы запатрабаваны прадукт на АЗС (акрамя бензіну) — гэта кава.

Але праз аматараў кавы і хот-догаў канфліктныя сітуацыі на запраўках сапраўды здараліся. Напрыклад, у верасні адзін кіроўца ля Барысава абураўся, што праз аўтобус турыстаў праца АЗС была паралізаваная:

— Усе вось гэтыя машыны стаяць і не запраўляюцца, бо галодным робяць хот-догі, піражкі, чабурэкі, каву. І мы ўсе стаім і чакаем, калі ж пацячэ салярачка. Калі ўжо пачнуць рабіць асобныя касы на булкі і асобныя касы на паліва?

@ybegaev_ #белоруснефть #заправка #очередь #борисов #водитель ♬ оригинальный звук - Ybegaev_

Жанчына, падпісаная ў тыктоку як Scorpiov2, рэгулярна публікавала відэа з заправак «Беларуснафты» і пыталася, што гэта — АЗС ці кафэ? Найбольш папулярны з ролікаў набраў мільён праглядаў.

— Няма сіл! Вось зараз скандаліла. Гэта не магчыма — каб заплаціць за бензін я павінна стаяць 15‑20 хвілін. Пры тым, што я стаяла першая. А тры касіры-прадаўцы рабілі сэндвічы ды хот-догі. За мной сабралася чалавек 6. На маю просьбу вырашыць пытанне, супрацоўніца адказала: «Я выконваю бізнэс-працэсы».

@scorpiov28 #scorpiov2#беларуснефть@Belorusneft_official #заправкибеларусь#заправкабеларуснефть#заправкирб ♬ оригинальный звук - Scorpiov2

Блогерка, дарэчы, ужо зрабіла справаздачу:

— Чэргаў такіх няма, на самой запраўцы некалькі прадаўцоў. Нарэшце нехта робіць каву і ежу, а нехта адпраўляе паліва.

@scorpiov28 #scorpiov2#заправкабеларуснефть #беларуснефть #заправкибеларуси #belarus ♬ оригинальный звук - Scorpiov2

За жорсткі парадак на запраўках выступіў і сэрвіс «Сліўкі.бай». Іх зварот да беларусаў выглядае даволі нахабна:

— Ну што, спадары аматары заправачнай кавы да сасісак, дагуляліся?!

Пасыл іх тыктокера такі: самі не хацелі вучыцца правільна піць каву на запраўках — няхай цяпер вас міліцыя вучыць гэтаму. Мужчына дадае, што ўжо на наступны дзень пасля нарады ў Лукашэнкі людзі на АЗС пачалі спачатку запраўляцца, а ўжо потым ісці па каву.

@slivkiby

♬ оригинальный звук - Slivkiby

Яшчэ адзін мужчына, Руслан, падзяліўся ў тыктоку сваім бачаннем сітуацыі (ён палічыў, што каву і ежу цалкам забароняць на АЗС):

— Што тычыцца кавы — крыўдна, бо я часта карыстаюся гэтай паслугай. Але з іншага боку — у мяне заўсёды з сабой тэрмасок, каву я магу заварыць дома. Што тычыцца хот-догаў — супер, што іх убіраюць, бо гэта некарысная ежа.

Плюс гэта тая рэч, якая стварае чэргі на запраўках: кідаюць машыну з пісталетам у баку, ідуць замаўляць шалёную колькасць хот-догаў. Ёсць людзі, якія нават пачынаюць іх там есці — бо ў машыне ж нязручна, можна накрышыць.

@ruslannovik76 #рек #врек ♬ оригинальный звук - ruslannovik76

Марыя запісала заклік пакінуць усё ж каву і ежу на АЗС:

— Разумееце, з-за нейкіх даўбанутых людзей, якія пакідаюць машыну каля калонкі і ідуць п'юць сабе ціхенька каву, не пераганяюць машыну на стаянку, хочуць прыбраць каву на АЗС. Я люблю каву на запраўцы. Я нават калі працую на хуткай — машыну ж трэба запраўляць — мы абавязкова бяром каву на запраўцы. Яна там такая смачная! І калі прыбяруць, мне гэта не спадабаецца.

Жанчына пагаджаецца з тым, што займацца кавай ды хот-догамі павінен асобны супрацоўнік АЗС, а не касір.

— То людзі спачатку просяць даць каву на запраўках, то цяпер ім не падабаецца — нехта адзін вякнуў і ўсё. Гэта ж усё вы робіце — усе нязручнасці вы самі сабе ствараеце.

@maria_spiridonova #кофеназаправке #кофе #азс ♬ оригинальный звук - Мария Спиридонова

Тым часам з’явіўся і расповед, што ў Польшчы ўсё яшчэ горш.

— Пакуль беларусы скардзяцца, што каву доўга робяць на АЗС, мы ў Польшчы ўжо стаім 30 хвілін і чакаем 2 кавы, — кажа Аляксандр.

@alyksandr_f

♬ оригинальный звук - Александр Фурс

Нехта з дапамогай штучнага інтэлекту зрабіў ролік, у якім супрацоўніцы «Беларуснафты» быццам бы абмяркоўваюць рэзанансную заяву Лукашэнкі:

— Слухай, я не зразумела: Наталля Іванаўна і Турчын пад’ехалі заправіцца і пайшлі піць каву, а іх машына кагосьці заблакіравала? Ці яны самі не змаглі заправіцца, бо нехта піў каву?

@voditelavtobusa112

ЗАПРАВИЛИСЬ? НЕ ЗАБУДЬТЕ ОТОГНАТЬ МАШИНУ И ЗАЙТИ ПЕРЕКУСИТЬ! приятного аппетита! Шуточное видео созданное искусственным интеллектом

♬ оригинальный звук - Водитель автобуса

Адзін з мужчын у тыктоку пажартаваў, што выконвае спецзаданне па дэстабілізацыі абстаноўкі на АЗС:

— Мінус 5 рублёў, плюс амерыкана, чарга на запраўцы, вайб.

@onepunchcatv Выполняю спецзадание по дестабилизации обстановки на АЗС. Код операции — «Американо» #вайб #кофе #coffee #vibe ♬ original sound - mell

У сацсетцы Threads таксама актыўна абмяркоўваюць змаганне з кавай на АЗС.

Адныя шчыра лічаць, што праблема высмактана з пальца: «Я запраўляюся ўжо гадоў 20 у сярэднім раз на два тыдні, я з такой сітуацыяй сутыкаўся ўсяго пару разоў. Можа я не на тыя АЗС езджу?», «Хтосьці радуецца, хтосьці абураецца, што дзяржаўныя органы ўзяліся за навядзенне парадку на АЗС. Але аднаго не магу зразумець: як часта трэба заязджаць на запраўку, каб раздражнялі чэргі на касе або калонцы? Не спрабавалі запраўляцца радзей, але на суму больш за 20 рублёў?».

З такім меркаваннем пагаджаюцца не ўсе: «Памятаю як улетку спазнялася ў іншы горад. Заехала на запраўку па гродзенскай трасе. Перада мной на калонцы 2‑3 машыны, на суседніх прыкладна столькі ж. 40 хвілін я чакала, калі да мяне дойдзе чарга, і паралельна назірала, як людзі выходзяць з кавай і хот-догамі і садзяцца ў машыны ля калонкі. На мінскіх АЗС з такімі сітуацыямі не сутыкалася, але на трасах улетку бывае».

Нехта лічыць, што выпадкі, калі чалавек сапраўды не адганяе аўтамабіль ад калонкі, бываюць раз на тысячу. А значна часцей адбываецца іншае: «Стаіш у чарзе за палівам, а перад табой спачатку галодны не можа вызначыцца, яму з ялавічнай сасіскай ці з курынай, а потым яшчэ касір ідзе гатаваць яму хот-дог. Вось гэта сапраўды жах».

Самыя радыкальныя заклікаюць увогуле прыбраць з заправак каву і ежу: «Лукашэнка, вядома, усё правільна сказаў. На АЗС тавары, безумоўна, патрэбны, але не тыя, што неабходна гатаваць. Хаця навар там з кубка кавы большы, чым з 10 літраў паліва, калі што. Хот-догі, кава, столікі да чортавай маці — трэба прыбіраць гэтыя сталоўкі з АЗС і выкарыстоўваць запраўкі па прамым прызначэнні», «Выкарыстоўваць АЗС па прамым прызначэнні. Учора прыехала парачка і паралізавала сваімі хот-догамі касу. Прыкол у тым, што яны ўвогуле не запраўляліся».

Зразумела, такія прапановы выклікаюць хвалі абурэння:

«Глупства. Беларускія запраўкі — адзін з нямногіх якасных сэрвісаў у гэтай краіне. А тут зноў думаюць аб тым, як нешта прыбраць, а не палепшыць. Дадайце супрацоўніка на зону харчавання, падзяліце зоны кафэ і аплаты за паліва. Не, давайце лепш прыбяром ежу! «Табакеркі» свае прыбярыце з прыпынкаў — пакурыце і паешце дома, а не дыміце нада мною!»,

«Не бачу нічога дрэннага ў тым, што людзі хочуць купіць ежу на запраўцы. Калі ў вас прабег 10 кіламетраў — ешце дома. А калі я езджу паміж гарадамі, я хачу есці там, дзе захачу. А яшчэ я б разгледзела праблему, што на АЗС выдзелена не так шмат парковачных месцаў. Можа, яшчэ ў гэтым напрамку падумаць? А яшчэ каб працаваў не адзін супрацоўнік?»,

«Я асабіста супраць, каб аплачвалі ежу і бензін у адной касе, але не супраць самога факту наяўнасці ежы на АЗС. Калі едзеш уначы здалёк, кава вельмі дапамагае».

Шмат людзей прыводзяць сябе ў прыклад і просяць астатніх паводзіць сябе таксама ветліва: «Сасіскі і кава на запраўцы маюць асаблівы смак! Але іх смак не змяняецца ў залежнасці ад таго, стаіць машына ля калонкі ці на стаянцы. Для многіх гэта сакрэтны сакрэт. Незразумела, што перашкаджае пры аплаце паліва аплаціць яшчэ і каву з булкай, выйсці адагнаць машыну і вярнуцца назад па ежу»,

«Так, грамадзяне аўтааматары, рукі прэч ад кавы і сасісачак на запраўках! Так, я тая самая, хто акрамя бензіну купляе на АЗС яшчэ і фаст-фуд. Я чалавек просты. Прадаюць і мне гэта трэба — я купляю. Але мая машына ў гэты момант стаіць на паркоўцы, а не на калонцы. Можа, сённяшні ўказ навучыць і іншых так рабіць. Было б нядрэнна. Шкада і дзіўна, што банальную павагу да іншых некаторых людзей трэба прывіваць штучна».

І нават з гэтым алгарытмам не ўсе згодныя: «І як вы сабе гэта ўяўляеце? Пастаяў у чарзе — заправіў тачку. Выйшаў, адагнаў тачку. Устаў яшчэ раз у чаргу па каву і хот-догі?»

Некаторыя беларусы абураюцца, што вінаватымі абралі звычайных людзей: «Выдатна вывернулі. Спажывец ужо і вінаваты, а не АЗС, якая трымае аднаго-двух аператараў».

Беларусы актыўна прапаноўваюць запраўкам павялічваць штат супрацоўнікаў і падзяляць чэргі: «Слухайце, тут рэч не ў галодных хамяках, а ў арганізацыі працэсу продажу паліва і хот-догаў. Я ніколі сабе не дазваляю стаяць на запраўцы і затарвацца хот-догамі. Каля Вілейкі заправіўся, паставіў машыну на спецыяльна адведзенае месца, пайшоў заказваць булкі з кавай. Ну і натоўп чакаў, пакуль працаўнік мне ўсё прыгатуе. Натуральна, гэтак жа ўсе былі незадаволены».

 Хапае і тых, хто іранізуе з абсурднасці сітуацыі.

«Адгадайце краіну, у якой без прэзідэнта не могуць разабрацца, як правільна запраўляцца і піць каву на АЗС».

«Вось такая вось улада ў краіне пабудавана, што самаабраны «прэзідэнт» павінен кантраляваць праблему кавы на АЗС. Бяздарны вусаты калгаснік, ён нават дыктатуру нармальна не змог пабудаваць».

Былы палітзняволены Ігар Лосік таксама пажартаваў: «У Беларусі хочуць забараніць каву на запраўках, таму што бадзёрасць — першы крок да вальнадумства».

Стэндапер Слава Камісаранка на сітуацыю адрэагаваў лаканічна: запосціў у сторыс фота, на якім п’е каву ў кафэ, і падпісаў: «Вось так правільна піць капучына». Але падпісчыкі хутка зарыентаваліся і дадалі на фота Лукашэнку, які пяшчотна абдымае коміка.

Чытайце таксама:

Як на запраўках кінуліся выконваць загад Лукашэнкі ФОТЫ

За каву аштрафуюць? Як праходзяць рэйды на запраўках

Кубракоў сабраў тэрміновую нараду з міліцэйскімі начальнікамі, каб разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС

Лукашэнка даручыў Кубракову разабрацца з тымі, хто п’е каву на АЗС, і навесці там «жалезны парадак»

Каментары да артыкула