БЕЛ Ł РУС

Мерц: Візіт у ЗША прайшоў не так, як спадзяваўся Зяленскі

18.10.2025 / 17:11

Nashaniva.com

Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц заявіў, што паездка прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ў ЗША не прынесла тых вынікаў, на якія ён разлічваў. Паводле Мерца, гэта паказала, што Украіне асабліва патрэбная падтрымка з боку Еўропы, піша «Еўрапейская праўда».

Фрыдрых Мерц. Фота: Emmanuele Contini / NurPhoto via Getty Images

Канцлер Германіі адзначыў, што пасля сустрэчы Зяленскага з Дональдам Трампам меў з прэзідэнтам Украіны працяглую размову і пацвердзіў, што візіт прайшоў складана.

«Візіт не прайшоў так, як спадзяваўся Зяленскі. Я думаю, што магу гэта тут сказаць», — заявіў Мерц.

Таму, на яго думку, еўрапейская дапамога — вайсковая, фінансавая і палітычная — цяпер мае вырашальнае значэнне, бо вайну можна спыніць толькі праз моц украінскай арміі.

Фрыдрых Мерц падкрэсліў, што капітуляцыя Украіны немагчымая, бо ў такім выпадку Расія напала б на наступную еўрапейскую краіну.

17 кастрычніка Зяленскі наведаў Белы дом па запрашэнні Трампа пасля дзвюх тэлефонных размоў. Ён прывёз з сабой карты, каб паказаць уразлівыя месцы расійскай вайсковай прамысловасці і прапанаваў абмяняць украінскія беспілотнікі на амерыканскія ракеты Tomahawk. Аднак, паводле СМІ, Трамп пакуль не гатовы пагадзіцца на такі абмен.

Чытайце таксама:

Зяленскі: Пуцін мяне ненавідзіць. У мяне аналагічнае стаўленне да яго

«Я думаю, Пуцін хоча завяршыць вайну». Трамп сустрэўся ў Белым доме з Зяленскім

Трамп прапанаваў і Расіі, і Украіне абвясціць сябе пераможцамі

Трамп сказаў Зяленскаму, што пакуль не мае намеру пастаўляць Кіеву ракеты «Тамагаўк»

Каментары да артыкула