Выйшаў рэпартаж пра чатырох беларусаў, якія ваююць за Украіну ў мінамётным разліку на Харкаўшчыне
На поўнач ад Харкава ў мінамётным разліку ваююць чацвёра беларусаў з пазыўнымі «Каралуг», «Сварог», «Месяц» і «Рэч». Мужчыны ўжо некалькі месяцаў змагаюцца ў складзе 13‑й брыгады Нацыянальнай гвардыі «Хартыя». Пра іх на ютуб-канале брыгады з'явіўся рэпартаж.
Скрыншот з відэа
Мужчыны розных узростаў (аднаму з іх толькі 20 гадоў, яшчэ аднаму — 46) расказваюць, што выехалі з Беларусі ў 2020 ці 2021 гадах па прычыне палітычнага пераследу: некаторыя з іх ці ўжо затрымліваліся, іншыя мелі такія пагрозы. Цяпер іх мэта — перамагчы зброяй расійскі, а з ім і беларускі рэжым.
Расіяне бесперапынна абстрэльваюць іх пазіцыі артылерыяй, скідаюць FPV і дыстанцыйна мініруюць самаробнымі выбуховымі прыстасаваннямі. Але, нягледзячы ні на што, мінамётчыкі з Беларусі ўпарта ідуць да сваёй мэты.
Адзін з беларусаў ва Украіне знайшоў нават жонку — ёй стала валанцёрка-кітаянка.
Адзін з герояў рэпартажу заяўляе, што больш ніколі не вернецца ў Беларусь ні пры якіх абставінах, бо яна зрабіла яму вельмі шмат кепскага. Іншы сцвярджае, што гэта ягоная асноўная мэта, і калі яна не здзейсніцца, то ён не ведае, што будзе ўвогуле рабіць.
Чытайце таксама:
Камандзіра Палка Каліноўскага і некаторых беларускіх добраахвотнікаў будуць судзіць завочна
Былы добраахвотнік Аляксандр Клачко збірае дапамогу для сем'яў былых ваяроў