БЕЛ Ł РУС

У Гродне 11‑гадовы школьнік згенераваў выяву бамжа на ложку ў кватэры — маці стрымгалоў кінулася дахаты і выклікала міліцыю

18.10.2025 / 10:14

Nashaniva.com

Дзеці ўсё часцей выкарыстоўваюць тэхналогіі штучнага інтэлекту для жартаў са сваіх бацькоў. Ролікі з такімі жартамі набіраюць папулярнасць у сацсетках.

Адзін з такіх выпадкаў адбыўся ў Гродне, паведамляе «Мінская праўда» са спасылкай на міліцэйскі канал «Обратная сторона».

11‑цігадовы хлопчык згенераваў з дапамогай нейрасеткі выяву незнаёмага п’янага мужчыны, нібыта які знаходзіцца ў іх кватэры. Пакуль бацькі былі на працы, дзіця адправіла здымак маці.

Жанчына, убачыўшы трывожнае фота, адразу патэлефанавала сыну. Аднак хлопчык не адразу прызнаўся, што гэта ўсяго толькі жарт.

Баючыся за бяспеку дзіцяці, жанчына кінула ўсе справы, паехала дадому і па дарозе выклікала міліцыю. Калі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Гродна прыбылі на месца, высветлілася, што «падзея» — няўдалая спроба хлопчыка зняць вірусны ролік для TikTok.

У міліцыі падкрэслілі, што такія жарты могуць мець непрадказальныя і небяспечныя наступствы.

Бацькоў заклікалі растлумачыць дзецям, што выкарыстанне штучнага інтэлекту для жартаў можа прывесці да ўмяшання службаў і рэальных праблем.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула