БЕЛ Ł РУС

Чым жыве оперны спявак Сільчукоў, якога ў 2020‑м звольнілі з Вялікага тэатра за пазіцыю

26.10.2025 / 9:0

Nashaniva.com

У 2020‑м спевака Іллю Сільчукова звольнілі з Тэатра оперы і балета за грамадзянскую пазіцыю. Потым у яго жыцці была легендарная міланская «Ла Скала» і пастаноўка «Дзікага палявання караля Стаха» ў Лондане. Што сёння чуваць у знакамітага беларуса?

Фота: ilyasilchukou_official / Instagram

Цяпер Ілля асталяваўся ў ЗША. Ён шмат працуе ў Сіэтле, але чальцы яго сям'і жывуць на адваротным баку кантынента, у Бостане, таму даводзіцца жыць на два гарады.

18 кастрычніка ў оперным тэатры Сіэтла паказалі новую пастаноўку, і ў Сільчукова там заўважная роля. Гэта камічная опера «Піраты Пянзанса» (The Pirates of Penzance).

У сюжэце расказваюць пра хлопца, які вызваляецца з вучнёўства ў каманды піратаў, бо яму споўніўся 21 год. Але потым высвятляецца, што паколькі яго дзень нараджэння 29 лютага, то можна святкаваць яго толькі раз на чатыры гады. І атрымліваецца, што па днях нараджэння ён прабыў у піратаў менш за 6 гадоў, і таму мусіць служыць ім яшчэ 63 гады.

Ілля ў гэтай гісторыі грае ролю Сэмюэла — намесніка караля піратаў:

«Гэта класічны спектакль, на якім растуць амерыканцы, з гэтага пачынаецца іх музычны досвед. Падобны да «Пітэра Пэна», якога ставілі ў нашым дзяцінстве ў опернай студыі».

Гэта ўжо другі сезон Сільчукова ў оперным тэатры Сіэтла. Цягам сезона ён паўдзельнічае яшчэ ў дзвюх операх — «Кармэн» і «Дафне». А ў мінулым сезоне беларус спяваў у оперы «Тоска» пра паліцэйскі пераслед закаханай пары ў Рыме пачатку 19‑га стагоддзя. У Сільчукова якраз была роля аднаго з паліцэйскіх агентаў, Шаронэ.

Акрамя гэтага, Сільчукоў займаецца праектам пад назвай The Voice of My Land («Голас маёй зямлі»). Ён не першы год ладзіць яго з піяністкай Таццянай Лойша — напрыклад, у снежні 2022‑га Сільчукоў адыграў з Лойша канцэрт у Бостане.

Сутнасць — у тым, каб расказаць па-свойму пра музычную гісторыю Беларусі ў сусветным кантэксце:

«Назіраю, што ў нас няма нацыянальна-арыентаванага погляду на музычную культуру Беларусі. Мы ўспрымаем яе з расійскай ці польскай перспектывы, з класічнай перспектывы. Але ёсць у нас свае кампазітары, якія нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі і адчувалі сябе беларусамі, і яны вартыя ўвагі. Таму трэба раскрываць нотныя зборнікі і спяваць гэта ўсё».

Гаворка не толькі пра знакамітыя імёны накшталт Агінскага ці Манюшкі. Сільчукоў згадвае Васіля Цітова, кампазітара эпохі барока, які сябраваў з Сімяонам Полацкім, а таксама Яна Тарасевіча — кампазітара з Падляшша.

Таксама Ілля ладзіць камерныя выступы з расійскім піяністам Паўлам Нэрсэсьянам. Гэта 3‑4 канцэрты ў сезон, якія яны праводзяць на ўсходнім узбярэжжы ЗША — Нью-Ёрк, Нью-Джэрсі, выконваюць творы Шастаковіча, Манюшкі і не толькі. Попыт, кажа Сільчукоў, ёсць, у тым ліку сярод мясцовых рускамоўных.

Пры магчымасці Ілля выступае з сям'ёй. Яго жонка Таццяна — таксама оперная спявачка, а дзеці ўмеюць граць на музычных інструментах.

Жыццём ён задаволены:

«Лічу, што гэта заўжды асабісты выбар. Ты можаш шукаць абставіны, каб засмучацца і гараваць, а можаш прыняць валявое рашэнне, што будзеш радавацца, нягледзячы на абставіны. Тады ты будзеш шчаслівы чалавек, нягледзячы ні на што».

Чытайце таксама:

«Я гляджу ў будучыню з надзеяй». Зорка беларускай оперы Ілля Сільчукоў расказвае, як спрабуе працягнуць кар'еру ў Амерыцы

Спявак Ілля Сільчукоў, звольнены з мінскага Опернага за ўдзел у пратэстах, дэбютуе ў La Scala

«Нехта не хацеў, каб беларус займаў высокае месца ў адным з найлепшых тэатраў Украіны». Дырыжор Чарнуха-Воліч даў першае інтэрв'ю пасля звальнення з адэскай оперы

Каментары да артыкула