Нацбанк з панядзелка адновіць продаж і куплю каштоўных металаў у злітках
Нацыянальны банк Беларусі з 20 кастрычніка аднаўляе аперацыі куплі-продажу мерных зліткаў з каштоўных металаў, паведамляе прэс-служба галоўнай фінансавай установы краіны.
Купіць або прадаць у касах Нацбанка можна будзе зліткі, вырабленыя ў Беларусі, а таксама зліткі, вырабленыя за межамі краіны, калі на іх ёсць абрэвіятура Нацбанка.
«Цэны куплі-продажу мерных зліткаў будуць устанаўлівацца і размяшчацца на сайце Нацбанка штодзённа», — паведамілі ў Нацбанку.
Нагадаем, што з пачатку года цэны на золата выраслі на 65 працэнтаў. Сёння тройская ўнцыя (прыкладна 31,1 грама) пераадолела планку 4300 даляраў.
На сайце Беларусбанка грам золата прапануюць па 465 рублёў, 50 грам — 21 250 рублёў, 100 — 42 900.
Цэны на золата аднавілі рост пасля таго, як прэзідэнт ЗША Дональд Трамп анансаваў увядзенне 100‑працэнтных пошлін на экспарт з Кітая. Інвестары баяцца, што гандлёвая вайна паміж ЗША і Кітаем аднавіцца. Традыцыйна золата разглядаецца інвестарамі як сродак захавання капіталу ў перыяды нестабільнасці.