Дзед вядомага шпіёна Яна Марсалека таксама быў шпіёнам
Ганс Марсалек, шанаваны герой Супраціву і былы вязень канцлагера, насамрэч працаваў на чэхаславацкія спецслужбы. Яго ўнук, Ян Марсалек — былы аперацыйны дырэктар Wirecard і злачынец, якога шукае ўвесь свет, — таксама з'яўляецца агентам, але ўжо расійскіх спецслужбаў. Выданне Die Zeit дзеліцца падрабязнасцямі.
Ян Марсалек (злева) і яго дзед — Ганс Марсалек. Фота: wirecard.com; mkoe.at
Сустрэча ў Марыенбадзе
26 снежня 1964 года. У гатэль на чэхаславацкім курорце Марыянске-Лазне (больш вядомым пад нямецкай назвай Марыенбад) засяляецца мужчына. Збоку гэта выглядае як звычайны калядны адпачынак на лячэбных водах. Але сапраўдная мэта яго візіту зусім іншая. Праз тры дні ён сустракаецца з супрацоўнікам чэхаславацкай дзяржбяспекі (StB). Сустрэча рыхтавалася месяцамі, і нават яго спадарожніца, з якой ён прыехаў, ні пра што не здагадваецца.
Двое мужчын прасядзелі разам у гасцінічным нумары чатыры гадзіны, а праз дзесяць дзён адбылася яшчэ адна сустрэча. Госць цалкам апраўдвае свой чэшскі аператыўны псеўданім — Zvědavý Pán, што перакладаецца як «Цікаўны пан». «Сустрэча дасягнула сваёй мэты», — будзе пазней занатавана ў справаздачы спецслужбаў.
А пра самога агента напішуць:
«Ахвотны і сумленны супрацоўнік, які заўсёды дапамагае нам, калі з'яўляецца магчымасць». 50‑гадовы ўраджэнец Вены, былы паліцэйскі і дзеючы чыноўнік МУС Аўстрыі, «выканаў заданне ў поўным аб'ёме». У якасці падзякі ён атрымлівае бутэльку слівовіцы. Яго сапраўднае імя — Ганс Марсалек.
Два бакі аднаго жыцця
Ганс Марсалек нарадзіўся ў 1914 годзе ў Вене ў сям'і чэхаў. Далучыўся да сацыялістычнай моладзі. Калі пасля аншлюсу Аўстрыі яго прызвалі ў вермахт, мужчына збег у Прагу, дзе далучыўся да антынацысцкага падполля. У 1941 годзе Ганса арыштавала гестапа і адправіла ў канцлагер Маўтгаўзэн, дзе ён наймаецца лагерным пісарам.
Дзякуючы яго запісам, што дакументавалі злачынствы нацыстаў, Марсалек атрымаў мянушку «храніст Маўтгаўзэна». За дзесяць гадоў да смерці, у 2001 годзе, ён быў узнагароджаны Ганаровым знакам «За заслугі перад Аўстрыйскай Рэспублікай».
Фота Ганса Марсалека, зробленае гестапа. 1941 год. Крыніца: mkoe.at
Пасля вайны Ганс Марсалек удзельнічаў у стварэнні новага органа ўнутранай разведкі — Венскай дзяржаўнай паліцыі, якая размяшчалася ў савецкай акупацыйнай зоне. Па іроніі лёсу, ён адказваў там за… контрразведку.
Менавіта ў гэты час, у 1946 годзе, адбыўся яго першы кантакт з чэхаславацкай разведкай. Але пасля чатырох сустрэч супрацоўніцтва спынілі праз падазрэнні, што яго могуць выкрыць.
Аб гэтым сведчаць дакументы з яго асабістай справы, якую адшукалі журналісты Die Zeit у архіве чэшскіх службаў бяспекі ў Празе. Яна налічвае больш за 500 старонак.
Адпаведна дакументам, паўторна завербавалі Марсалека ў 1961 годзе. Сустрэчы заўсёды адбываліся на тэрыторыі Чэхаславакіі, часцей за ўсё ў Марыенбадзе, куды ён мог прыязджаць пад выглядам лячэння рэўматызму і хваробы нырак.
Самае дзіўнае: Ганс — дзед Яна Марсалека, самага шуканага чалавека ў Еўропе, якога падазраюць у крадзяжы мільярдаў у нямецкім канцэрне Wirecard, і які таксама шпіёніў на карысць усходніх спецслужбаў.
Праца «Цікаўнага пана»
Як піша Die Zeit, на момант сустрэчы ў Марыенбадзе ў 1964 годзе Ганс Марсалек шпіёніў на карысць Чэхаславакіі ўжо тры гады. З'яўляючыся супрацоўнікам аўстрыйскага Міністэрства ўнутраных спраў, да 1963 года ён займаў пасаду следчага па крымінальных справах, а пазней — дырэктара мемарыяла «Маўтгаўзэн».
Як супрацоўнік крымінальнай паліцыі, ён выконваў шырокі спектр задач: шукаў у базах даных людзей, якія цікавілі разведку, падбіраў кандыдатаў для вярбоўкі ў дзяржапараце і перадаваў сакрэтную інфармацыю з паліцыі і міністэрства — ад звестак пра прытулак да пашпартных даных.
Па словах гісторыка Сабіны Нахбаўэр, якая вывучала справу Марсалека, «гэтая інфармацыя магла выкарыстоўвацца для пошуку людзей, вярбоўкі інфарматараў або ўкаранення агентаў». Якраз з 1960‑х гадоў чэхаславацкія спецслужбы пачалі ўсё больш актыўна працаваць не толькі супраць заходніх разведак, але і непасрэдна супраць Аўстрыі і яе інстытутаў.
Марсалек быў надзвычай карысны. У разгар «халоднай вайны» ён пастаўляў інфармацыю з самага сэрца аўстрыйскага апарату бяспекі: пра армію, унутраныя справы паліцыі, рэсурсы контрразведкі.
Калі куратар спытаў яго, ці вядзе аўстрыйская дзяржпаліцыя сістэматычнае назіранне за супрацоўнікамі пасольстваў сацыялістычных краін, Марсалек адказаў адмоўна, патлумачыўшы, што ў яе «няма на гэта магчымасцяў з-за агульнага стану спраў і абмежаваных рэсурсаў».
Матывы: ідэалогія ці помста?
Што прымусіла героя Супраціву шпіёніць? Гісторык Сабіна Нахбаўэр, якая даследуе дзейнасць чэхаславацкіх спецслужбаў у Аўстрыі часоў «халоднай вайны», лічыць, што для такой працы былі неабходны «высокая ступень гатоўнасці да рызыкі і ідэалагічная перакананасць».
Гэта пацвярджаецца тым, што Марсалек катэгарычна адмаўляўся ад грошай (за выключэннем аднаразовай сумы ў 1000 крон), кажучы, як гэта занатавана ў адным з дакументаў, «Мы працуем на адным фронце дзеля адной справы».
Аднак маглі быць і асабістыя матывы. Уплыў камуністаў на аўстрыйскую паліцыю хутка меншаў. На адной з сустрэч Марсалек скардзіўся куратару, што яго абмінаюць з павышэннем па службе, таму што ён быў членам Камуністычнай партыі Аўстрыі. Такім чынам, магчыма, ім рухала не толькі ідэалогія, але і пачуццё помсты. Пры гэтым у справе няма ніякіх указанняў на тое, што яго прымушалі або шантажавалі.
Ці паўплывала гісторыя дзеда на ўнука?
Гісторык Томас Рыглер у Дзяржаўным архіве Аўстрыі знайшоў справу на Ганса Марсалека, згодна з якой яшчэ ў 1950‑х гадах існавала «моцнае падазрэнне», што мужчына, з'яўляючыся супрацоўнікам дзяржаўнай паліцыі, перадаваў дакументы савецкім акупацыйным уладам. Мяркуецца, што менавіта гэтыя звесткі прывялі да выкрадання чатырох чалавек. Двое з іх былі шпіёнамі вермахта, яшчэ адзін — крыніцай амерыканцаў. Аднак справа так і не выйшла за рамкі падазрэнняў.
Пасведчанне персоны, выдадзенае на імя Яна Марсалека. 3 ліпеня 1945 года. Фота: mkoe.at
Рягле лічыць, што «біяграфія дзеда — гэта ключ да разумення матываў Яна Марсалека і яго захаплення шпіянажам. Быццам нехта ідзе па чужых слядах». Нават імя «Ян» — гэта чэшскі варыянт імя «Ганс».
Нават калі ніхто ў сям'і не ведаў пра сакрэт дзеда, напэўна, было вядома, што Ганс Марсалек пасля вайны працаваў у контрразведцы і часта падарожнічаў па Усходнім блоку.
Сям'я пра гэта маўчыць. Маці Яна адмовілася ад каментароў. Аднак вядома, што Ян вельмі ганарыўся сваім дзедам як героем Супраціву, хоць ніколі не згадваў пра яго магчымую шпіёнскую дзейнасць.
Дзесяць гадоў працы
Адпаведна архіўным дакументам, супрацоўніцтва Ганса Марсалека з чэхаславацкай разведкай працягвалася каля дзесяці гадоў. Цікава, што ў 1968 годзе ён адкрыта падтрымаў «Пражскую вясну», але нават пасля ўводу савецкіх танкаў працягваў лічыцца «верным сябрам ЧССР».
Ключавы момант у шпіёнскай кар'еры Ганса Марсалека адбыўся ў 1963 годзе. Дагэтуль ён быў паліцэйскім, што давала яму доступ да каштоўнай інфармацыі. Але ў 1963‑м яго перавялі ў Міністэрства ўнутраных спраў на пасаду кіраўніка мемарыяльнага комплексу «Маўтгаўзэн». Хоць Марсалек неаднаразова абяцаў свайму куратару вярнуцца на службу ў паліцыю, гэтага так і не адбылося. У выніку чэхаславацкая разведка пачала паступова губляць да яго цікавасць.
Ганс і Хільда Марсалек. 2009 год. Фота: mkoe.at
Спецслужбы яшчэ некалькі разоў выкарыстоўвалі яго новы статус і міжнародныя кантакты. Пад прыкрыццём удзелу ў пасяджэннях Міжнароднага камітэта вязняў Маўтгаўзэна ён ездзіў у Брусэль і Антверпен, дзе, згодна з матэрыяламі справы, павінен быў шукаць магчымасці для шпіянажу за заходнімі арміямі і нават спрабаваць «пранікнуць у цэнтр НАТА».
У 1970 годзе супрацоўніцтва было спынена. На апошняй сустрэчы ў Марыенбадзе, як гаворыцца ў справе, «служба падзякавала за супрацоўніцтва і ўручыла інфарматару невялікі развітальны падарунак». Што гэта быў за падарунак, у дакументах не ўдакладняецца.