БЕЛ Ł РУС

Польшча рэзка скараціла выдачу міжнароднай абароны замежнікам, у тым ліку беларусам

17.10.2025 / 11:56

Nashaniva.com

Польшча рэзка скараціла прадастаўленне міжнароднай абароны. У III квартале яе атрымалі ўсяго каля 300 беларусаў, і гэта асноўная катэгорыя замежнікаў, якой цяпер даюць абарону.

Украінцы яе практычна не атрымлівалі. Гэта вынікае са статыстыкі, апублікаванай Упраўленнем па справах замежнікаў, паведамляе Most.

Якая сітуацыя з грамадзянамі Беларусі

У студзені-верасні 2025 года беларусы падалі 2,3 тыс. заяваў на міжнародную абарону ў Польшчы. 1,3 тыс. чалавек атрымалі станоўчыя рашэнні і каля 100 — адмову. Яшчэ 100 спраў спынены. Звяртаем увагу, што доля станоўчых рашэнняў па-ранейшаму вельмі вялікая — больш за 85%.

Для параўнання: за I паўгоддзе беларусы падалі 1,6 тыс. заяваў і атрымалі 1 тыс. станоўчых рашэнняў. Гэта значыць, што за апошнія тры месяцы — ліпень—верасень — міжнародную абарону далі толькі 300 беларусам. А новых зваротаў было 700.

Такім чынам, заявы назапашваюцца. У верасні прыняты закон, якім замарожаныя тэрміны разгляду спраў аб міжнароднай абароне. Гэта значыць, што справы ўсё яшчэ разглядаюцца, але Упраўленне па справах замежнікаў не абавязана ўкладвацца ва ўстаноўленыя тэрміны — 6 месяцаў у агульным выпадку і 15 месяцаў — у складаным або пры вялікім наплыве заяваў.

Увогуле бачна, што Польшча рэзка скарачае прымяненне механізму міжнароднай абароны. Напрыклад, за 9 месяцаў мінулага года яе атрымалі 2,1 тыс. беларусаў.

У той жа час можна прагназаваць, што патрэба беларусаў у гэтым механізме будзе расці, бо ў канцы 2025 года і ў 2026 годзе ў многіх палітэмігрантаў будуць заканчвацца трохгадовыя гуманітарныя віды на жыхарства, якія актыўна выдаваліся ў 2022—2023 гадах.

Якая сітуацыя з грамадзянамі Украіны

Грамадзяне Украіны з пачатку 2025 года падалі 6,2 тыс. заяваў аб міжнароднай абароне. Станоўча разгледжаны 1,5 тыс. Столькі ж было і ў статыстыцы за I паўгоддзе. Гэта значыць, што за апошнія тры месяцы украінцам не давалі або амаль не давалі абарону.

За 9 месяцаў у дачыненні да грамадзян Украіны вынеслі 1,4 тыс. адмоваў, у тым ліку каля 900 — за апошнія тры месяцы. Упраўленне па справах замежнікаў двойчы ў гэтым годзе выпускала тлумачэнні, што вайна ва Украіне і страх перад прызывам у армію не з’яўляюцца падставамі для прызнання міжнароднай абароны. А асноўныя пытанні ваенных бежанцаў вырашае механізм часовай абароны.

Якая сітуацыя з расіянамі і іншымі замежнікамі

Усяго за 9 месяцаў заявы аб міжнароднай абароне падалі 11,2 тыс. замежнікаў, гэта на 9% менш, чым за той жа перыяд 2024 года. Справа ў тым, што з 27 сакавіка Польшча ўвяла абмежаванне на прыняцце заяваў аб абароне на мяжы з Беларуссю. Цяпер такое права засталося толькі ў ўразлівых груп асоб. Раней даволі вялікі паток заяваў ад грамадзян Афрыкі і Блізкага Усходу паступаў менавіта з беларуска-польскай мяжы, дзе працягваецца міграцыйны крызіс.

Акрамя беларусаў і украінцаў, буйной групай заяўнікаў з’яўляюцца расейцы — каля 500 чалавек. Абарону атрымалі толькі 70, адмовы — каля 300.

Усяго з пачатку года Упраўленне па справах замежнікаў разгледзела 7,6 тыс. заяваў і дало абарону 3,1 тыс. замежнікам. Па выніках I паўгоддзя колькасць разгледжаных заяваў складала 5,3 тыс., а станоўчых рашэнняў — 2,8 тыс. Гэта значыць, што за апошнія тры месяцы абарону атрымалі толькі каля 300 замежнікаў. Прыкладна столькі ж беларусаў атрымалі абарону. То бок у асноўным абарону ў Польшчы цяпер атрымліваюць менавіта грамадзяне Беларусі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула