БЕЛ Ł РУС

Блогерка правярае чысціню і якасць прадуктаў у мінскіх крамах. Падабаецца гэта не ўсім

18.10.2025 / 8:0

Nashaniva.com

Блогерка з нікам «Хачу сэрвіс» ужо некалькі месяцаў ходзіць па сталічных крамах, каб праверыць тэрміны прыдатнасці і таварны від прадуктаў. Так беларуска змагаецца за якаснае абслугоўванне і павагу да кліентаў. Праўда, не ўсе згодныя з такой пазіцыяй.

Скрыншоты: «Хачу сэрвіс» / TikTok

Спачатку дзяўчына ацэньвала абслугоўванне ў бюджэтных сталічных кавярнях: напрыклад, наведвала Cofix і фудкорты ў гандлёвых цэнтрах. Дзяўчына каментавала паводзіны барыстаў і чысціню ў залі. «Нават бюджэтная кавярня можа даваць чысціню, увагу і клопат», — казала яна.

Але некалькі месяцаў таму блогерка пераключылася на прадуктовыя крамы: туды яна звычайна заходзіць са сваім сябрам, разам яны збіраюць прадукцыю, якая прадаецца з парушэннямі санітарна-эпідэміялагічных норм, і звяртаюцца да адміністратараў. Некаторыя відэа набіраюць па сотні тысяч праглядаў.

@roniveroni95

Я не ищу скандалы. Я хочу порядок. Люди должны знать, что им продают. Этот магазин нарушает правила, и я покажу факты. Подпишись, если тебе не всё равно, чем нас кормят

♬ MONTAGEM TOMADA (Slowed) - MXZI

Напрыклад, у мінскім Green дзяўчына пабачыла цыбулю, якая ўжо даўно страціла прывабны выгляд, і агуркі з гніллю. Падлога ў краме была «як пасля кірмашу».

«Але самае цікавае — факача з салямі. На цэнніку [напісаны] ранішні час выпечкі — 10:00. Зараз 21:48. Па СанПіН Беларусі гатовая прадукцыя з мясам пры хатняй тэмпературы захоўваецца максімум тры гадзіны. Усё, што болей — парушэнне і рызыка для здароўя».

@roniveroni95

Рейд в Green, Минск: фокачча с салями пролежала 12 ч вместо 3 х, гнилой лук, полусгнившие огурцы, сыр на грани срока. СанПиН нарушен?

♬ оригинальный звук - Хочу сервис

У іншай краме Green у аддзеле з садавіной знайшлі гнілую грушу, на прылаўку з сырамі — пратэрмінаваныя прадукты. Работніца крамы сказала, што падпісаная на блогерку і папрасіла аддаць ёй пратэрмінаваныя сыры. Але не прыбрала іх з прылаўку, а змяніла маркіроўку і выклала назад, сказаўшы, што так можна. 

«Ды не, так нельга! Гэта фальсіфікацыя. Мы выклікалі міліцыю, чакалі тры гадзіны. Да нас неаднаразова падыходзіў ахоўнік, спрабаваў даказаць, што гэта мы сапсавалі тавар. Падышла загадчыца, шчыра прызналася, што апраўданняў гэтаму няма», — падзялілася аўтарка «Хачу сэрвіс».

Скрыншоты: «Хачу сэрвіс» / TikTok

У лошыцкім «Гіпа» маладзёны зноў пабачылі парушэнні ў рэалізацыі сыроў. Некаторыя прадаваліся нават нягледзячы на тое, што парэзалі іх 10 дзён таму, калі норма — 48 гадзін пры тэмпературы ад 2 да 6 градусаў.

«Мы набралі поўны кошык пратэрмінаванага тавару і паклікалі адміністратара. Спачатку яна спрачалася, але потым прызнала, што прадаваць гэта нельга. У выніку проста прыбралі прадукцыю з паліц. Але ж увесь гэты час яна ляжала, і яе маглі набыць звычайныя пакупнікі».

@roniveroni95

По многочисленным просьбам мы помогли выявить просрочку

♬ оригинальный звук - Хочу сервис

У каментарах да ролікаў блогеркі меркаванні падзяліліся: нехта згодны з яе падыходам, што такое асвятленне дапаможа палепшыць абслугоўванне ў крамах, а хтосьці агрэсіўна прапануе ёй самой паспрабаваць працу ў такіх умовах — маўляў, персаналу не хапае, работнікі не паспяваюць.

Дзяўчына на такія каментары адказвае, што ў крамах плацяць «далёка не капейкі», а пакупнікі аддаюць свае грошы, якія зарабілі таксама цяжкімі высілкамі, і павінны атрымліваць за іх адэкватны сэрвіс.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула