БЕЛ Ł РУС

Пад Гомелем пачынаюць будаўніцтва найбуйнейшых у Беларусі могілак

16.10.2025 / 17:53

Nashaniva.com

У Гомельскім раёне, каля вёскі Стукачоўка, з сярэдзіны кастрычніка пачынаюць будаўніцтва новых вялікіх могілак — «Могілкі №2, крэматорый і калумбары». Пра гэта сведчыць абвестка аб тэндары, апублікаваная Упраўленнем капітальнага будаўніцтва Гомеля, піша «Флагшток».

Фота: Яндэкс

На гэтым этапе ідзе першая чарга будаўніцтва і стварэнне першага пускавога комплексу. Усяго праект разлічаны на чатыры чаргі.

У 2024 годзе Гомельскі райвыканкам праводзіў грамадскае абмеркаванне праекта, але яно часова было прыпынена з-за заўваг ад аднаго чалавека — Валерыі Яфрэмавай, якая патрабавала дапрацаваць справаздачу па ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. Пасля дапрацоўкі справаздача была зацверджаная, а грамадскае абмеркаванне адноўлена.

Плануецца высяканне лесу на ўчастку плошчай 150 гектараў, бо тэрыторыя знаходзіцца ў лясным масіве і мяжуе з наяўнымі могілкамі. Пасля рэалізацыі праекта Стукачоўскія могілкі стануць самымі вялікімі ў Беларусі, перасягнуўшы памерам Паўночныя могілкі ў Мінску.

Наяўныя і планаваныя могілкі на касмічных здымках сэрвісу Google Maps

На першыя тры чаргі будаўніцтва адведзена тэрыторыя для традыцыйных пахаванняў плошчай 127 гектараў, дзе змесціцца прыкладна 182 тысячы магіл.

Першую чаргу плануецца завяршыць да сярэдзіны сакавіка 2026 года, на гэта з бюджэту выдзелена 2,685 мільёна рублёў (каля 911 тысяч даляраў). Першы пускавы комплекс уключае 650 двухмесных пахаванняў на 1,76 га.

Праект таксама прадугледжвае будаўніцтва крэматорыя і калумбарыяў для пахавання урнаў з попелам. На сённяшні дзень у Беларусі ёсць толькі адзін крэматорый і калумбарыі ў Мінску, таму жыхары Гомеля і іншых рэгіёнаў змушаныя дастаўляць памерлых у сталіцу.

Будаўніцтва комплексу крэматорыя і калумбарыяў у Стукачоўцы запланавана толькі на чацвёртую чаргу праекта, і яе завяршэнне магчыма не раней за 2028 год — пры наяўнасці фінансавання.

Чытайце таксама:

У Мінску зробяць крэматорый для хатніх жывёл

Ці можна забраніраваць сабе месца на могілках пры жыцці, ці можна развеяць прах і колькі ў сярэднім каштуе пахаванне ў Беларусі?

У Гомелі замахнуліся на самыя вялікія ў Беларусі могілкі

Каментары да артыкула