БЕЛ Ł РУС

Улады хочуць зрабіць Навагрудак горадам-музеем

16.10.2025 / 13:33

Nashaniva.com

Кіраўніцтва Гродзенскай вобласці мае намер ператварыць Навагрудак у горад-музей. Пра гэта заявіў губернатар Юрый Караеў на выязной нарадзе ў Навагрудку, прысвечанай развіццю турыстычнага патэнцыялу рэгіёна.

Караеў адзначыў, што асновай для прыцягнення турыстаў павінны стаць дзве ключавыя кропкі: Навагрудскі замак і Музей яўрэйскага супраціву, размешчаны ў будынку, дзе падчас вайны знаходзілася яўрэйскае гета.

Для комплекснага развіцця турыстычнай інфраструктуры трэба сур'ёзна абнавіць вулічную і дарожную сетку, прывесці ў парадак фасады будынкаў і добраўпарадкаваць аб'екты сацыяльнай сферы, піша прэсавая служба аблвыканкама.

На гэтыя мэты ў бягучым годзе ўжо выдзелена 12 мільёнаў рублёў, якія неабходна асвоіць.

Як піша канал «Пул 4 Регион», да развіцця музея ўжо праявілі цікавасць прыватныя інвестары, «глыбока паглыбленыя ў гістарычную тэматыку і гатовыя ўкладаць сродкі ў гэты праект».

Губернатар, паводле канала, вызначыў канчатковую мэту: «Мы павінны зрабіць Навагрудак горадам-музеем!»

Навагрудак — гэта горад, дзе карані сям’і Джарэда Кушнера, зяця прэзідэнта ЗША — там яны перажылі Халакост і ўдзельнічалі ў партызанскім супраціве.

У жніўні стала вядома, што Лукашэнка запрасіў Дональда Трампа з сям'ёй у Мінск, і гэта запрашэнне, як сцвярджае прэс-служба Лукашэнкі, было прынята.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула