БЕЛ Ł РУС

«Хвастаць людзей не трэба». Беларус прыехаў у Польшчу і стаў пармайстрам

15.10.2025 / 20:51

Nashaniva.com

«Мне больш падабаецца аддаваць сваю энергію людзям, чым прымаць», — кажа Аляксандр. Ён прыехаў з Беларусі ў Польшчу і стаў тут пармайстрам. Гэта чалавек, які парыць людзей і стварае асаблівую атмасферу ў лазні. Маючы год вопыту, ён прайшоў інтэнсіў і атрымаў сертыфікат. Цяпер беларус імкнецца развіць сферу, каб яго рамяство стала добра аплачваным, піша Hrodna.life.

Фота: unsplash.com

Аляксандр (імя зменена) займаецца тым, што «робіць людзей і іх фізічную форму лепшымі». Лазня арганічна ўпісваецца ў гэтую дзейнасць — яна дапамагае аднавіцца. 

Падглядаў і лупіў людзей венікамі

«Неяк незвычайна. Заходзіш — столькі голых мужыкоў, — успамінае Аляксандр свой першы паход у лазню ў шэсць гадоў. — Ну, для дзіцяці яно асацыюецца менавіта з гэтым. Вельмі горача. Думаеш, чаго яны так доўга сядзяць? Табе ж ужо горача. І ты такі: «Можна мне выйсці?» «Ну, давай яшчэ крыху і выходзь». Потым ты да гэтага абвыкаеш, і нармальна».

Калі Аляксандр пачаў трэніравацца, паходы ў лазню сталі пастаяннымі — раз на тыдзень быў «аднаўленчы дзень». Тады ж ён пачаў браць венік і парыць людзей. Падглядаў, як гэта робіцца, і «лупіў людзей венікамі».

Выбраць венік у Польшчы аказалася цяжэй. Фота: unsplash.com

У Польшчы сябар прапанаваў яму паспрабаваць сябе ў рамястве пармайстра. Аляксандр пагадзіўся набыць новы навык.

Як стаць пармайстрам

Аляксандр пайшоў у фірму, заснаваную беларусам. У ёй ёсць шэраг кірункаў. Там можна заказаць паслугі пармайстра, купіць аксэсуары, пракансультавацца. А яшчэ — раз на месяц праводзяць навучанне. Гэтым Аляксандр і скарыстаўся.

Навучанне ў школе пачалося з «разведкі боем». Кліенты спазніліся — і было пару свабодных гадзін ды тры чалавекі. «Я раблю — ты паўтараеш, — вучылі Аляксандра. — І пайшло-паехала».

Да гэтага настаўнік патлумачыў, як замочваць венікі. Вучылі тэхнікам, рухам. За інтэнсіў у два дні — базавы курс з выдачай сертыфіката — Аляксандр заплаціў 1500 злотых (1231 рубель).

Аляксандр ужо задаволены сваім узроўнем. Ён «адпарыў» каля 100 чалавек. Працаваў на фестывалях па некалькі сесій за дзень.

«Рука набілася — я ўжо зразумеў, як трэба рабіць, як не трэба. Я спачатку больш сілы прыкладаў, каб «пахвастаць» людзей. Потым зразумеў, што не заўсёды гэта трэба», — тлумачыць мужчына.

Парэнне не павінна выклікаць дыскамфорт — толькі задавальненне.

Праца як у гарачым цэху

Пармайстар прыязджае ў лазню загадзя: знаёміцца з печкай, правярае, як нагрэтыя камяні, замочвае венікі. У працэсе выходзіць сачыць за печкай і падкідаць дровы. І непасрэдна парыць людзей.

«Гэта працэс цяжкі і працаёмкі — як для сэрца, так і для галавы. Ты фактычна знаходзішся ў гарачым цэху. Табе горача, у цябе сэрца б’ецца. Дзве гадзіны парыць — гэта як паўмарафон прабегчы. Гэта шкодная праца ў нейкай меры», — параўноўвае Аляксандр.

Праца пармайстра — досыць «шкодная». Фота: unsplash.com

Таксама сохне слізістая вачэй — яны баляць. Падчас і пасля парэння трэба піць ваду і электраліты. Можна дадаваць вітаміны — напрыклад, магній. Абавязкова патрэбна шапка, якая захавае тэмпературу галавы. Калі доўга парыць, арганізм «з'язджае з глузду» — парушаецца тэрмарэгуляцыя. Арганізм пачынае працаваць на астуджэнне — і потым цяжка сагрэцца.

Але ёсць і плюсы.

«Ёсць работы, дзе ты нешта робіш — і не ведаеш, навошта і для чаго. А ёсць работы, дзе ты адчуваеш нейкія вымяральныя паказчыкі. Калі ты трэніруеш, ты бачыш лічбы, як вучань расце. Калі ты парыш чалавека, ты з дапамогай сваіх маніпуляцый робіш, што ён… У мяне практычна не было кліентаў, якія б пайшлі моўчкі. Заўсёды гэта: «Як крута!» Імгненны фідбэк падкупляе», — расказаў Аляксандр.

Як прымусіць плаціць за паслугу

Мужчына гатовы працаваць дні з тры на тыдзень па некалькі сеансаў — у залежнасці ад «даацэненасці». Навучанне Аляксандр ужо акупіў. Цяпер у яго планах — развіваць рынак, каб людзі былі гатовыя плаціць за паслугі. Патэнцыйныя кліенты не ведаюць, з чым маюць справу. Палякі прывыклі парыцца ў саўне, а не ў лазні з пармайстарам. Таму 90% кліентаў Аляксандра — беларусы і ўкраінцы.

«Парэнне — гэта своеасаблівыя адчуванні і масаж. Ты прастукваеш цела, нешта ўпраўляецца. Ты выграваешся да костак. У саўне выграваюцца цягліцы — да костак не дойдзе», — тлумачыць Аляксандр.

Акрамя таго, ён стварае атмасферу — за кошт пахаў і спецыяльных касцюмаў. Такі рытуал таксама каштуе грошай.

Колькі трэба ўкласці, каб пачаць працу пармайстрам

У Польшчы высокі сабекошт парэння. Купіць добры венік аказалася складаней і даражэй. Калі ў Беларусі ён каштуе 6−7 рублёў, то ў Польшчы — 30−40 злотых (24−33 рублі). Венікі зношваюцца за паўтара сеанса. Да таго ж, па словах Аляксандра, яны збіраюць энергію — так што выкарыстоўваць іх доўга не варта.

Выбраць лазню ў Польшчы досыць складана. Фота: unsplash.com

Таксама Аляксандр выкарыстоўвае гідралаты і алеі. Дзе купляць аксэсуары, ён пакуль не вывучыў. Думае, што варта «парыцца» на сайтах кшталту Ozon. Многія аксэсуары ідуць з Беларусі і Расіі, дзе гэта больш развіта. Праўда, пра брэнд «рускай лазні» не згадваюць — называюць яе «славянскай».

Але ў тым выглядзе, у якім Аляксандр з калегамі гэта прапагандуе, лазневыя традыцыі ў Беларусі таксама не развітыя:

«У цэлым, усё тое ж самае — таксама награваюць да 80−90 градусаў, што ў цябе там на трэцяй паліцы вушы заварочваюцца».

Адзенне — плаўкі, шорты, накідкі, як правіла, ільняныя — таксама каштуе грошай. Яны абыдуцца ў 200−300 злотых. Таму пакуль парэнне можна разглядаць толькі як дадатковы заробак. «Канкурэнтаў» у яго няшмат: на амаль 300‑тысячны горад, дзе жыве Аляксандр, — некалькі пармайстраў. І некалькі «саўнамайстраў».

Колькі каштуюць паслугі пармайстра

Для Варшавы пажаданая цана — 250 злотых за сеанс з чалавека (205 рублёў). Адначасова можна парыць некалькі чалавек. Кошт таксама залежыць ад канкрэтнай паслугі: ад проста папарыць да скрабіравання. На фестывалях, да таго ж, могуць пакінуць добрыя чаявыя.

«Я разумею, што людзям дарагавата. Але мне не падабаецца парыць людзей за нуль. Любая паслуга павінна быць належным чынам ацэненая. Калі яна не будзе належным чынам ацэньвацца — яе проста не будзе».

Фота: unsplash.com

Абнуленне ў лазні

Дзеці Аляксандра таксама пачалі хадзіць у лазню. Рэакцыя была як у бацькі ў дзяцінстве — пасядзелі і пайшлі плёскацца ў тазік. Для парэння Аляксандр ставіць сабе іншую мэту:

«Я хачу, каб гэта было на ўзроўні глыбокай асалоды. Рэальна стараешся, каб людзі перажылі незвычайны вопыт з гэтым рытуалам. І ў мяне былі госці — адна полька, якая: «Гэта было аргазмічна!» Яны рэальна стагналі там так, як быццам «адляцелі». Калі гэта той эфект, то я проста задаволены сваёй працай. Хочацца, каб людзі выходзілі з сеансу такія абнуленыя, з пустой галавой. Каб усе праблемы адышлі ад іх хоць бы ў лазні».

Чытайце таксама:

Ад якіх хвароб лечыць лазня?

«Сісу»: што здзіўляе ў фінскіх саўнах

«Самі ў шоку, што атрымалася так прыгожа». Мінчукі ператварылі стары ржавы гараж у цэлы лазневы комплекс

Каментары да артыкула