БЕЛ Ł РУС

Больш чым адну сажалку на прыватных участках капаць забароняць

15.10.2025 / 16:11

Nashaniva.com

У Беларусі прапануюць забараніць уладкаванне больш чым адной сажалкі на тэрыторыі аднаго зямельнага ўчастка. Такая норма прадугледжана ў праекце змяненняў Воднага кодэкса, які дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў першым чытанні, піша БелТА.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: freepik.com

Як растлумачыў міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Масляк, новы варыянт кодэкса падрыхтаваны з улікам практыкі яго прымянення і вынікаў навуковых даследаванняў. Асноўная мэта — удасканаленне заканадаўства ў сферы аховы і выкарыстання водных рэсурсаў.

Адна з прапаноў — дазволіць будаўніцтва толькі аднаго вадаёма ў межах зямельнага ўчастка, які належыць фізічнай асобе. Гэта звязана з тым, што некаторыя ўладальнікі капаюць некалькі вялікіх сажалак, што можа прывесці да зніжэння ўзроўню падземных вод і праблем з вадой у суседзяў.

Пры гэтым міністр падкрэсліў, што закон не будзе мець зваротнай сілы — засыпаць ужо наяўныя вадаёмы прымушаць не будуць.

Акрамя таго, праект закона ўдакладняе паняцці і тэрміны, спрашчае шэраг адміністрацыйных працэдур, а таксама ўводзіць новыя — напрыклад, узгадненне з аблвыканкамамі работ, звязаных з выманнем тапляковай драўніны з вадаёмаў.

Таксама прапануецца дазволіць перадачу паверхневых водных аб’ектаў у арэнду арганізацыям для адпачынку, спорту і турызму, каб яны самі адказвалі за ўтрыманне і ўпарадкаванне гэтых тэрыторый..

Чытайце таксама:

Беларус злавіў у гарадской сажалцы рыбку з Афрыкі

«Аня, выходзь за мяне». Гомельская дзяўчына атрымала прапанову з незвычайным шыкам ВІДЭА

Які двор у Мінску прызнаны самым прыгожым і самым лепшым

Каментары да артыкула