У Аўстраліі акула напала на падлетка. Яго выратавалі адважныя сябры
Увечары 11 кастрычніка група падлеткаў адправілася на рыбалку на востраў Тэрсдэй у штаце Квінсленд. Калі 14‑гадовы хлопчык зайшоў у ваду, на яго раптоўна напала акула.
Ілюстрацыйнае фота Tahsin Ceylan/Anadolu via Getty Images
Яго сябры не вагаліся ні секунды: яны адразу скочылі ў ваду, каб дапамагчы сябру. Ім удалося выцягнуць акрываўленага хлопчыка на бераг, піша Bild.
Ратавальныя службы прыбылі хутка. Падлетка на верталёце даставілі ў клініку з небяспечнымі для жыцця ўкусамі ў вобласці жывата. Там яму зрабілі тэрміновую аперацыю. Зараз дактары ўсё яшчэ змагаюцца за жыццё хлопчыка. Яго стан стабільны, але застаецца цяжкім.
Нападзенні акулаў у гэтым рэгіёне здараюцца нячаста. Апошні інцыдэнт адбыўся ў 2010 годзе і не быў смяротным: белапёрая рыфавая акула ўкусіла дзевяцігадовую дзяўчынку за нагу. Пакуль невядома, які від акулы напаў на падлетка гэтым разам.