«Беларусы як з ланцуга сарваліся». У краіне пачалі перапрадаваць цацкі з «Кідс Міла»
У Беларусі незвычайны трэнд: людзі скупляюць і перапрадаюць цацкі з дзіцячых абедаў, што цяпер прадаюцца ў сетцы Mak.by — былым McDonald’s.
Пра новае захапленне распавяла блогерка Ірына ў тыктоку, заўважыла BGmedia. Паводле яе слоў, цэны на цацкі дасягаюць 50 — 140 рублёў, што часам значна перавышае цану самога абеду.
«Беларусы як з ланцуга сарваліся. Яны масава скупляюць гэтыя цацкі. Кошты часам проста зашкальваюць», — расказала яна ў сваім відэа.
Блогерка прызналася, што мае некалькі такіх цацак, але цяпер, з улікам высокіх цэн, наўрад ці набывала б іх.
«Нейкая новая крыптавалюта Беларусі», — кажа яна.
Mak.by запусціў лімітаваную серыю фігурак у супрацоўніцтве з «Саюзмультфільмам». У серыю ўвайшлі папулярныя персанажы: Віні-Пух і Пятачок, Воўк і Заяц з «Ну, пачакай!», лянівы школьнік з «Воўкі ў Трыдзявятым царстве», папугай Кеша, Вожык у тумане і іншыя. Акрамя таго, была анансаваная «Мульт Бокс» — цацка з таемнай лінейкі, якая выпадкова трапляецца пакупнікам, піша Onliner.
У сацсетках карыстальнікі хваляцца сваімі калекцыямі, абменьваюцца цацкамі і шукаюць тыя, што не паспелі набыць.
Фактычна, кошт аднаго дзіцячага абеду складае каля 15 рублёў, а вось перапродаж асобных фігурак значна перавышае гэтую суму.
У аб’явах на беларускіх інтэрнэт-барахолках Onliner пабачыў фігуркі па неверагоднай цане ў 1000 рублёў за пару (Віні-Пух і Пятачок без пакавання).