Асудзілі лёгкаатлетку, якая выступала на юнацкай Алімпіядзе, — падобна, па справе Гаюна
Ганна Шпак прадстаўляла Беларусь на II юнацкіх Алімпійскіх гульнях, дзе заняла 4‑е месца ў скачках з шастом.
Ганна Шпак на спаборніцтвах у Латвіі ў 2017 годзе. Фота: athletics.lv
Ганне Шпак 28 гадоў. Родам яна з Гродзеншчыны. У апошнія гады жыла ў вёсцы Ваўчковічы Мінскага раёна.
Дзяўчына з дзяцінства займалася лёгкай атлетыкай, скокамі з шастом. Шмат гадоў Шпак была ў складзе нацыянальнай каманды па летніх відах спорту.
У 2014 годзе Ганна ўдзельнічала ў II летніх юнацкіх Алімпійскіх гульнях, дзе скокнула на 3.80 і заняла 4‑е месца ў агульным заліку. За гэта дзяўчына атрымала імянную стыпендыю ад Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Ганна Шпак. Фота: Укантакце
Пасля гэтага дзяўчына не мела такіх вялікіх спартовых дасягненняў, але ўдзельнічала ў спаборніцтвах у Беларусі і за яе межамі, брала прызавыя месцы.
Ганна скончыла факультэт масавых відаў спорту Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізкультуры ў 2019 годзе. Працавала трэнерам-выкладчыкам у школе алімпійскага рэзерву «Буравеснік» у Мінску.
Ганна Шпак. Фота з яе старонкі Укантакце
Дзяўчыну асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч. 1 і ч. 2 арт. 361‑4 КК). Ёй пагражала да 6 гадоў калоніі. Падобна, яе ўзялі па справе Гаюна.
У «спісе экстрэмістаў», які вядзе МУС, яе статус пазначаны як «адбывае пакаранне». Гэта значыць, што чалавеку прысудзілі або хімію з накіраваннем, або калонію.
Чытайце таксама:
Што можа пагражаць тым, хто пісаў у бот «Беларускага Гаюна»? І што можна зрабіць цяпер