БЕЛ Ł РУС

МЗС Украіны выдала заяву ў сувязі з рэпрэсіямі па «справе Гаюна»

14.10.2025 / 23:26

Nashaniva.com

Міністэрства замежных спраў Украіны звярнула ўвагу на інфармацыю беларускага праваабарончага цэнтра «Вясна» пра чарговую хвалю рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць грамадзян Беларусі ў межах так званай «справы Гаюна» і выдала з гэтай нагоды адмысловую заяву.

Будынак Міністэрства замежных спраў Украіны ў Кіеве. Фота: Wikimedia Commons

У сваёй заяве МЗС Украіны з жалем канстатуе, што ў Беларусі пры Лукашэнку падставай для рэпрэсій можа стаць літаральна што заўгодна «нават неасцярожна вымаўленае беларускае слова».

«Мы перакананыя, што такія адвольныя затрыманні маюць на мэце стварэнне «абменнага фонду», дзякуючы якому Аляксандр Лукашэнка разлічвае купляць сабе індульгенцыі ў абмен на невінаватых людзей, якіх ён кідае ў турмы», — падкрэслівае ўкраінскае дыпламатычнае ведамства.

Рэпрэсіі беларускага рэжыму, на думку МЗС Украіны, «з’яўляюцца сістэмным і грубым парушэннем правоў чалавека і асноўных міжнародна-прававых дакументаў», а «масавыя арышты і зняволенні грамадзян Беларусі ў межах так званай «справы Гаюна» — відавочнае пацвярджэнне гэтага».

У сувязі з гэтым міжнародная супольнасць заклікаецца ўзмацніць ціск на Аляксандра Лукашэнку і яго паплечнікаў. Акрамя таго, нагадваецца, што лукашэнкаўская Беларусь стала саўдзельніцай пры развязванні Расіяй захопніцкай вайны супраць Украіны, за што «павінна абавязкова панесці сваю частку адказнасці за здзяйсненне гэтага злачынства і ўсе наступныя зверствы супраць украінскага народа».

«Мы верым, што ў будучыні дэмакратычная Беларусь пройдзе шлях ачышчэння ад злачынстваў лукашэнкаўскай дыктатуры, адновіць сваю незалежнасць і суверэнітэт пасля гадоў расійскага панавання і вернецца ў сям’ю еўрапейскіх народаў, да якой яна гістарычна, палітычна і культурна належыць», — завяршае сваю заяву ўкраінскае МЗС.

Чытайце таксама:

Праваабаронцы маюць імёны 88 затрыманых па «справе Гаюна», але арыштаваных больш

За дапамогу Гаюну пасадзілі маладога зампаліта пагранічнай заставы з Хойнікаў

Беларусам прыходзяць фэйкавыя лісты ад імя ўкраінскіх праваабаронцаў

Узорнага старасту вёскі і прадпрымальніка з Бабруйска кінулі за краты: падобна, за «Гаюна». Вось як на яго маглі выйсці

Хірурга з Оршы асудзілі за палітыку. Хутчэй за ўсё, па справе Гаюна

Па «справе Гаюна» арыштавалі заснавальніка арт-вёскі на Гомельшчыне

Каментары да артыкула