З батанічнага саду ў Германіі скралі гіганцкую расліну, якая моцна смярдзіць падлай
З батанічнага саду ў нямецкім горадзе Дортмунд пры загадкавых абставінах знік клубень расліны пад назвай аморфафалус тытанічны. Ён вядомы сваёй надзвычна смярдзючай кветкай, якая прыцягвае натоўпы наведвальнікаў, піша Spiegel.
Фота: Foto: Ralf Rottmann / Funke Foto Services / IMAGO
Невядомыя выкапалі клубень вагой каля 20—30 кілаграмаў з кадкі, у якой ён рос. Як паведамляецца, батанічны сад звярнуўся з гэтай нагоды ў паліцыю.
Аморфафалус тытанічны (Amorphophallus titanum) паходзіць з інданезійскага вострава Суматра і належыць да сямейства ароідавых. Ён цвіце толькі раз на некалькі гадоў і толькі некалькі дзён. Пры гэтым мае найбуйнейшае суквецце ў свеце і распаўсюджвае моцны пах гнілога мяса.
Нясцерпны смурод дапамагае расліне пры апыленні: ён прываблівае насякомых, якія шукаюць месца для адкладання яек — нібыта на трупе.
Падчас цвіцення дортмунскай расліны, якой далі назву «Давід», у 2018 і 2021 гадах, паводле звестак гарадскіх уладаў, у батанічны сад прыйшлі тысячы наведвальнікаў, каб убачыць гэтую незвычайную з’яву.
Апошні раз «Давід» выпусціў ліст, які завяў у канцы верасня. Пасля гэтага клубень быў зноў пакрыты зямлёй, і з гэтага скарысталіся зламыснікі.
Падчас чарговай праверкі садоўнікі заўважылі, што клубень знік, і гэта стала для іх сапраўдным ударам. Матэрыяльную каштоўнасць скрадзенай расліны вызначыць цяжка, але для горада гэта вялікая страта.
«Многія жыхары Дортмунда чакалі наступнага цвіцення. Мы спадзяёмся, што злодзеі пашкадуюць пра свой учынак і вернуць Давіда назад», — кажуць супрацоўнікі батанічнага саду.
Чытайце таксама:
25 груш на адной галінцы вырасціў пенсіянер з-пад Баранавічаў
Амерыканскі матылёк паядае Гомельшчыну. Дрэвы — як з фільмаў жахаў
Ці можна прывезці з-за мяжы вазон з раслінай? Адказалі мытнікі