БЕЛ Ł РУС

Беларуску прызначылі кіраваць замкам у Францыі

14.10.2025 / 19:56

Nashaniva.com

Беларуска Кацярына Мамліна, якая жыве ў Францыі, стала кіраўніцай замка Кастэль Навэль, які знаходзіцца недалёка ад горада Брыў-ла-Гаярд у дэпартаменце Карэз, рэгіён Новая Аквітанія. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь и мир».

Кацярына Мамліна. Фота: Facebook

Наша суайчынніца, якая захапляецца ўсім старадаўнім, пераехала ў Парыж у юнацкім узросце, каб працягнуць вывучэнне гісторыі мастацтваў.

Пазнаёміўшыся з горадам і добра пазнаўшы яго, дзяўчына працавала гідам для замежных турыстаў. Паступова стала адкрываць для сябе цудоўныя гістарычныя славутасці краіны, а пасля аднойчы, цалкам выпадкова, наведала Карэз і закахалася ў яго.

Пасля пандэміі COVID-19 Кацярына вырашыла кінуць усё і ўладкавацца жыць тут.

Замак Кастэль Навэль. Фота: Facebook

Спачатку жанчына працавала прадавачкай. Але любоў да гісторыі не пакінула яе. Таму праз пэўны час Кацярына ўладкавалася на працу ў замак Кастэль Навэль, пасля стала кіраваць суседнім замкам Цюрэн, і нарэшце вярнулася ў Кастэль Навэль ужо як дырэктарка.

Гэты замак упершыню згадваецца ў гістарычных дакументах у XIII стагоддзі. Самая старая частка была ўзведзена ў сярэднія вякі, пасля з часам дадавалася астатняе. Ужо бліжэй да цяперашняга часу будынкі рэканструяваліся.

Падчас Стогадовай вайны замак часова захоплівалі англічане. Каля 350 гадоў ён знаходзіўся ва ўласнасці роду Абюсон. Адным з апошніх уладальнікаў быў Анры дэ Жувенэль, муж Калет — вядомай французскай пісьменніцы, якая стварыла тут некалькі раманаў.

Замак Кастэль Навэль. Фота: Facebook

З сярэдзіны XX стагоддзя Кастэль Навэль стаў выкарыстоўвацца як гатэль з рэстаранам. У самім замку налічваецца 26 пакояў, яшчэ 10 — у размешчаным побач катэджы. Ёсць басейн і тэнісны корт. Вакол знаходзіцца парк плошчай 16,5 гектара.

Чытайце таксама:

Беларусы выказалі найбольшую ахвоту наведваць тысячагадовы іспанскі замак

Беларусь — не ўскраіна, а цэнтр еўрапейскай гісторыі, сцвярджае гісторык Цімаці Снайдэр

Вітаўтава вежа — невядомы помнік часоў Вялікага Княства Літоўскага над Кахоўскай ГЭС

Каментары да артыкула