«Пражыла трое сутак і кінула на 450 рублёў». Мінчук нарваўся на хітрую кватарантку
Дзмітрый здае сваю аднапакаёўку на 33 квадраты з тэрасай і асобным уваходам у «Мінск-Свеце» не першы месяц і кажа, што з такой сітуацыяй сутыкнуўся ўпершыню.
У той дзень усё было як звычайна. Раніцай 5 кастрычніка яму на WhatsApp прыйшло паведамленне з незнаёмага нумара: дзяўчына планавала зняць жыллё на дзве ночы. Пражыванне на гэты тэрмін абыходзілася ёй у 300 рублёў. Па шчаслівай выпадковасці ў гэты і наступныя дні аднапакаёўка аказалася свабоднай, піша Onliner.by.
— Я ўдакладніў усю інфармацыю і забраніраваў для яе кватэру з 5 па 7 кастрычніка. Растлумачыў, што ў мяне бескантактнае засяленне: госці засяляюцца самі, у дзвярах стаіць электронны замок. Я працую як самазаняты па кароткатэрміновай арэндзе, таму магу прымаць аплату як наяўнымі, так і пераводам на картку. Кацярына атрымала рэквізіты і паабяцала перавесці грошы адразу пасля заезду.
— Я не турбаваў у выхадны дзень, але, калі шчыра, у мяне з'явілася лёгкае хваляванне, бо звычайна госці аплачваюць альбо да, альбо адразу пасля засялення. Увечары ў панядзелак я зноў нагадаў ёй, што грошай дагэтуль няма і варта было б звязацца з банкам, удакладніць пра перавод, тым больш да высялення засталося зусім нічога. Яна паабяцала вырашыць пытанне, але напісала толькі ў аўторак раніцай кароткае: «Я заснула», — працягвае ўладальнік аднапакаёўкі.
Сам Дзмітрый у гэты дзень з'ехаў у камандзіроўку, таму забраць грошы асабіста не мог. Ён прапанаваў Кацярыне перад выездам пакінуць 300 рублёў за арэнду ў паштовай скрыні.
«Пры гэтым папярэдзіў яе: калі грошы прыйдуць на рахунак, я вярну іх назад. Яна пагадзілася і адразу папрасіла падоўжыць ёй пражыванне яшчэ на адзін дзень, да серады», — працягвае мужчына.
— У аўторак, будучы ў камандзіроўцы, вырашыў зайсці ў адзін з дадаткаў і прабіць яе нумар. Там знайшоў каментары аб тым, што чалавек кідае араэндадаўцаў з аплатай. Мае падазрэнні ўзмацніліся, таму ў той жа дзень, вярнуўшыся з камандзіроўкі, я адразу паехаў на кватэру.
Кацярына адчыніла дзверы. Я патлумачыў, што мне патрэбны грошы і прапанаваў схадзіць з ёй у банкамат, зняць наяўныя з карткі. Спярша яна стала казаць, што дрэнна сябе адчувае, потым нібы як пагадзілася і папрасіла яе пачакаць. Праз хвілін 40 стала слёзна ўмольваць увайсці ў яе становішча, бо грошай у яе пакуль няма, але яна абавязкова іх знойдзе і заўтра разлічыцца.
У сераду раніцай Дзмітрый зноў звязаўся з дзяўчынай. Тая адказала, што грошы ў яе і прама зараз яна пакладзе іх у паштовую скрыню. Мужчына вырашыў падстрахавацца і папрасіў Кацярыну зняць відэа. Па словах уладальніка аднапакаёўкі, яна праігнаравала просьбу і скінула толькі фота паштовай скрыні.
— Я ўжо разумеў, што яна хоча зліцца, таму тут жа выехаў на кватэру. Праз хвілін 20 я ўжо быў на месцы, і, як вы можаце здагадацца, яе і след прастыў. Грошай у паштовай скрыні таксама, зразумела, не было. Я спрабаваў з ёй звязацца, тэлефанаваў на мабільны тэлефон. Яна ні разу не адказала, толькі скідала. Крыху пазней напісала ў WhatsApp, што сёння аддасць мне 450 рублёў, але грошай я так і не ўбачыў. Магчыма, для кагосьці гэтая гісторыя стане павучальнай і зможа засцерагчы іншых арандадаўцаў ад гэтай гора-кватаранткі, — падсумаваў Дзмітрый.
Журналісты паспрабавалі звязацца з Кацярынай некалькі разоў, каб пачуць яе пазіцыю, але дзяўчына не зняла трубку.