БЕЛ Ł РУС

Палітзняволеную Алену Лазарчык адправілі ў ПКТ

14.10.2025 / 12:10

Nashaniva.com

Палітзняволеная Алена Лазарчык, якая адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 24 у Зарэччы, патрапіла ў ПКТ — памяшканне камернага тыпу, куды на працяглы тэрмін змяшчаюць асуджаных, якія нібыта парушаюць парадак і не выпраўляюцца пасля пакараньня ў штрафным ізалятары, куды фармальна могуць накіроўваць да 15 сутак, піша Радыё Свабода.

Перад гэтым Алена Лазарчык знаходзілася ў ШІЗА, але колькі і за якую «правіннасць», невядома.

«Яна цяпер у ПКТ і колькі гэта працягнецца, невядома. Схуднела, складана са здароўем. Сустрэч з адвакатам не прадбачыцца», — паведаміла крыніца пра Алену Лазарчык.

Алене Лазарчык 51 год, яна ўдава актывіста дэмакратычнага руху, абаронцы Курапат Сержука Мацкойця, які памёр у 2023 годзе.

У 2022 годзе Алена Лазарчык была асуджаная на 8 гадоў зняволення па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэксу ўключна з 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

Лазарчык адбывала пакаранне ў гомельскай жаночай калоніі, дзе паводле звестак «Вясны» правяла больш за 90 дзён у ШІЗА. Увесну 2025 года Алене Лазарчык дадалі да ранейшага тэрміну яшчэ 1,5 года па 411 артыкуле КК («Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), агулам яна асуджаная на 9,5 года зняволення

На волі ў жанчыны застаецца непаўналетні сын Арцём, якім апякуюцца сваякі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула