Лукашэнка: Мы гатовыя заключыць вялікую здзелку з ЗША
Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 кастрычніка на нарадзе «па пытаннях глабальнай міжнароднай абстаноўкі і развіцця беларуска‑амерыканскіх адносін».
Фота: AP Photo Pavel Bednyakov
У нарадзе ўдзельнічаюць прэм'ер Аляксандр Турчын, кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Круты, дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Іван Церцель, генпракурор Андрэй Швед, паведамляе БелТА.
Лукашэнка заявіў:
«Будзем чакаць іх [амерыканцаў] прапановы глабальныя, вялікай здзелкі, як яны ўмеюць казаць (любяць яны гэтыя вялікія здзелкі). Мы да гэтага гатовыя. Мы гатовыя з імі заключыць вялікую здзелку.
На адной шалі іх пытанні, просьбы і патрабаванні, на другой шалі — нашы пытанні і патрабаванні. Рашаем? Давайце будзем вырашаць. Мы да гэтага гатовыя.
Прапановы Дональда Трампа ў гэтым плане я абсалютна ацэньваю нармальна. Але павінны быць улічаныя і нашы інтарэсы. І ўсё павінна быць шчыра, як калісьці мы з амерыканцамі дамовіліся».
Аляксандр Лукашэнка пры гэтым падкрэслена льсціў Трампу. Ён, у прыватнасці, падтрымаў «крокі Прэзідэнта ЗША Дональда Трампа (вялікая літара — у версіі прэс-службы Лукашэнкі і БелТА — НН) па навядзенні парадку на Блізкім Усходзе». Ён таксама заявіў, што Трамп заслугоўвае Нобелеўскай прэміі міру.
Нагадаем, што ў кастрычніку ЗША можа ўпершыню паставіць Украіне ракеты вялікай далёкасці «Тамагаўк». Раней Украіне пастаўляла толькі зброю малой далёкасці, прычым у абмежаваных колькасцях.
«Ніякія «Тамагаўкі» пытання не вырашаць. Гэта эскалюе сітуацыю да ядзернай вайны. Напэўна, гэта лепш за ўсіх разумее Дональд Трамп, які не спяшаецца аддаваць гэтую смертаносную зброю і дазваляць біць углыб Расіі, як на гэта разлічвае Прэзідэнт Зяленскі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на нарадзе (вялікая літара — у версіі прэс-службы Лукашэнкі і БелТА — НН).
У афіцыйных паведамленнях дзяржСМІ пра нараду ў Лукашэнкі рабіўся акцэнт на тым, што «палітыка на аднаўленне адносін з ЗША безумоўна павінна будзе будавацца выключна ў беларускіх інтарэсах».
Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь пад ягоным кіраваннем і надалей застанецца ў зоне ўплыву Расіі.
«З улікам намечанага прагрэсу ў кантактах з Вашынгтонам, нам неабходна выпрацаваць далейшы алгарытм беларуска-амерыканскіх адносін на перспектыву. Пры гэтым мы павінны больш выразна вызначыць свае прыярытэты.
Таксама важна правесці, як у нас модна цяпер казаць, чырвоныя лініі, пераход якіх для нас непрымальны. Важна ўлічваць, каб нашыя дзеянні ні ў якім разе не нанеслі шкоды не толькі беларуска-расійскім, але і беларуска-кітайскім адносінам, а таксама нашым абавязацельствам перад іншымі дружалюбнымі краінамі ў рамках удзелу Беларусі ў еўразійскіх інтэграцыйных аб'яднаннях. Гэта святое.
Мы дамовіліся, падпісалі адпаведныя пагадненні. Таму павінны дзейнічаць у гэтых межах», — адзначыў Лукашэнка.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў шкадаванне, што ЗША застаюцца на пазіцыі падтрымкі дэмакратыі, грамадзянскай супольнасці і вяршэнства права ў Беларусі. «Амерыканскай адміністрацыяй, на жаль, па-ранейшаму рэалізуецца палітыка па прасоўванні нейкіх псеўдадэмакратычных каштоўнасцей. Мы гэта таксама бачым. На словах яны быццам ад гэтага адышлі. А на справе — нічога такога».
Патрэбу нармалізацыі адносін з ЗША Аляксандр Лукашэнка абгрунтаваў неабходнасцю зняцця санкцый:
«Варта ўлічваць, што на гэты момант у дачыненні да Беларусі з боку ЗША і іх саюзнікаў, асабліва Еўрапейскага саюза, працягваюць дзейнічаць санкцыі. Так, мы навучыліся жыць пад ціскам гэтых санкцый, працаваць, хоць не без праблем. Але яны існуюць. Яны нам шкодзяць, адцягваюць нас ад вырашэння многіх праблем».
У Беларусі за кратамі застаецца больш за 1300 палітзняволеных, яшчэ тысячы людзей асуджаныя на абмежаванне волі. Некалькі соцень тысяч людзей былі вымушаныя пакінуць Беларусь, ратуючыся ад масавых рэпрэсій. Беларусь застаецца саўдзельніцай захопніцкай вайны Расіі супраць Украіны і знаходзіцца ў стане, фактычна, гібрыднай вайны з чатырма з пяці сваіх краін-суседак.