БЕЛ Ł РУС

Вобшук на мяжы і «царская» сталоўка. Як польскі блогер наведаў Беларусь

14.10.2025 / 18:6

Nashaniva.com

Польскі блогер Томаш Якімюк мае ютуб-канал пра падарожжы Jak to daleko. Нядаўна ён вярнуўся з Афрыкі і вырашыў наведаць роднае Падляшша, а заадно і паехаць у Беларусь. Пра тую паездку хлопец выпусціў ужо чатыры ролікі.

Фота: кадр з відэа

У апісанні свайго канала Томаш піша, што ўпершыню завёў блог пра падарожжы ў 2013 годзе. У 2015‑м з'явіўся і ютуб-канал. Атрымалася ўдала: на сёння яго праект мае 339 тысяч падпісчыкаў, а сярод відэа можна знайсці выпускі пра краіны Афрыкі, Афганістан і Партугалію, ЗША і Іран.

Але ж сам хлопец нарадзіўся на польскім Падляшшы і жыве ў Беластоку. Пасля чарговай паездкі ў Афрыку ён вырашыў зладзіць падарожжа на Усход — у тым ліку наведаць Беларусь.

Гэта не першая паездка Томаша ў Беларусь. У мінулы раз ён наведваў нашу краіну год таму, і ўжо тады яго ўразілі шматгадзінныя чэргі на беларуска-польскай мяжы, а таксама цэны на паліва. Акрамя гэтага, Якімюка і яго сяброўку на мяжы паклікалі на размову і нават праверылі іх тэлефоны. 

У гэты раз, падобна, абышлося без праверкі тэлефонаў, затое памежнік старанна абшукаў заплечнік блогера: як апісаў гэта Томаш, «думаў, ён дойдзе да швоў заплечніка». А каб перайсці мяжу, хлопец падсеў у машыну да жыхаркі Гродна. Ёй якраз быў патрэбны другі пасажыр — беларуска везла з сабой рэчы на значна большую суму, чым дазвалялі нормы бязмытнага ўвозу на аднаго чалавека.

Томаш вырашыў пераначаваць у Брэсце. Спачатку ён знайшоў хостэл, дзе за 60 рублёў яму прапанавалі маленькі пакойчык з двухпавярховым ложкам. Але аказалася, што на брэсцкім вакзале можна зняць нумар за 58 рублёў, дзе будзе і звычайны ложак, і ванны пакой, і нават ручнікі, ды і месца будзе болей. Праўда, у тым нумары не было акна, а з пасцелі прысутнічаў толькі падкоўдранік. 

Фота: кадр з відэа

Перад сном Томаш зладзіў дэгустацыю «Лідскага кваса» — напой яму спадабаўся.

У наступным выпуску Якімюк падзяліўся цікавым назіраннем пра беларусаў:

«Сказаў бы, што беларускі народ — музыкальная нацыя, яны любяць спяваць. Нават мая бабуля, якая нарадзілася недалёка ад беларускай мяжы, заўжды спявала. Не трэба было яе прасіць».

Некалькі хвілін у выпуску хлопец прысвяціў брэсцкаму вакзалу. Асабліва яго ўразіла сталовая — Якімюк сказаў, што адчувае сябе нібыта «трохі ў царскія часы» і даўно не еў у такім вытанчаным месцы.

Але цэны пры гэтым аказаліся дэмакратычныя па еўрапейскіх мерках: за бульбяны суп, мяса з бульбай і кампот паляк заплаціў 10 рублёў 55 капеек.

Брэсцкі вакзал. Фота: кадр з відэа

Фота: кадр з відэа

Далей Томаш выправіўся ў шпацыр па Брэсце і асобна адзначыў тое, як жа ў горадзе чыста:

«Польшча таксама вельмі чыстая краіна, але трэба звяртаць увагу, чаму ў краіне так чыста ці так брудна. Усё залежыць, мае дарагія, ад ментальнасці і адукацыі. Бо пакажыце мне адукаваную краіну, дзе ёсць смецце, пры ўмове, што там не шмат эмігрантаў. Такой няма.

І гэта сапраўды звязана. Бо там, дзе ёсць адукацыя, дзе ёсць ментальнае развіццё, там разам з гэтым ідзе і чысціня».

У Брэсце Томаш наведаў цэнтральныя вуліцы і гарадскі кірмаш, а таксама зазірнуў у некалькі дворыкаў. Кірмаш нагадаў яму аналагічныя кірмашы ў Польшчы, у тым ліку ў падляшскім мястэчку Сямяцічы.

Пасля Брэста Якімюк рушыў на поўнач, каб пабачыць і паказаць гледачам «менш відавочную Беларусь». Для гэтага ён абраў аграгарадок Відамля, што ў Каменецкім раёне, а таксама Пружаны.

У Відамлі Томаш паказаў падпісчыкам мясцовую царкву, а таксама зроблены з кветак надпіс «Мір усім». Мястэчка падалося яму пуставатым, але атмасферным. 

Фота: кадр з відэа

Далей хлопец рушыў у Пружаны — мястэчка, дзе эканоміку рухае, паводле слоў Томаша, мясцовы льнозавод. Таксама паляк звярнуў увагу на помнік савецкім лётчыкам, якія загінулі ў Другую сусветную, і на іншы манумент — стары вайсковы самалёт, выраблены ў Польшчы.

Фота: кадр з відэа

Яшчэ адно назіранне — тое, што ў Беларусі Томаш не ўбачыў бяздомных. Ён спаслаўся на словы мясцовага жыхара: маўляў, беларускіх бяздомных адвозяць у спецыяльныя прытулкі, лечаць, даюць ім усё неабходнае для жыцця і адпраўляюць на працу.

Пасля шпацыру па Пружанах хлопец пайшоў тэсціраваць мясцовы гатэль — ложак у нумары на дваіх каштаваў яму прыкладна 37 рублёў.

Фота: кадр з відэа

Беларусь Томашу відавочна падабаецца — ён нават казаў, што калі б меў схаваную камеру, здолеў бы засняць, якія беларусы насамрэч сардэчныя людзі, бо звычайная камера трохі пужала яго суразмоўцаў.

І ў той жа час паляк раіць гледачам самастойна рабіць высновы па яго роліках:

«Я вам паказваю і расказваю тое, як я сябе адчуваю ў гэтай краіне, пакуль я тут знаходжуся і падарожнічаю па ёй. І не спрабую неяк накіраваць вас, каб вы ставіліся да гэтай краіны і яе жыхароў станоўча ці адмоўна. Гэта вы павінны вырашыць, падабаецца вам гэта ці не».

Чытайце таксама:

Чым цяпер займаецца Ксенія Дзягелька?

Новы канфлікт вакол «Пагоні». Літоўцы вінавацяць беларускі футбольны клуб у крадзяжы іх сімволікі

Дзядзька Алік у жыцці не п’е чарлік: гісторыя блогера, які парадзіруе выпівоху з вашага двара

Каментары да артыкула