БЕЛ Ł РУС

Дзяніс Дук прызначаны рэктарам Акадэміі кіравання

13.10.2025 / 12:1

Nashaniva.com

Аляксандр Лукашэнка ўзгадніў назначэнне Дзяніса Дука рэктарам Акадэміі кіравання, паведамляе БелТА.

Фота: БелТА

Да гэтага часу Дзяніс Дук займаў пасаду рэктара Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Аркадзя Куляшова.

Дзянісу Дуку — 48 гадоў, ён доктар гістарычных навук. У 2004 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю «Матэрыяльная культура насельніцтва Полацка XVI—XVIII стст.: па выніках археалагічнага вывучэння».

У 2005—2013 гадах — загадчык кафедры айчыннай і ўсеагульнай гісторыі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

У 2011 годзе ў Інстытуце гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Полацк IX—XVIII стст.: узнікненне, фарміраванне і развіццё».

З 2013 па 2017 гады быў прарэктарам па вучэбнай рабоце Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Адначасова выкладаў на кафедры гісторыі і турызму гісторыка-філалагічнага (пазней — гуманітарнага) факультэта.

З 2017 года быў рэктарам Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Куляшова.

З чэрвеня 2024 года Акадэмію кіравання узначальваў экс-кіраўнік БРСМ, экс-намеснік кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, экс-намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі.

***

Таксама сёння было некалькі прызначэнняў.

Пасаду першага намесніка міністра па падатках і зборах зойме Уладзімір Муквіч. У гэтым жа ведамстве на пасаду намесніка міністра ўзгоднена кандыдатура Вольгі Старавойтавай.

Аляксей Стасюкевіч зойме пасаду намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

На пасаду намесніка міністра прамысловасці ўзгоднены Леанід Рыжкоўскі.

Новы намеснік міністра з’явіцца і ў Міністэрстве транспарту і камунікацый. Гэтую пасаду зойме Сяргей Мацукоў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула