Лукашэнка зноў заклікаў Зяленскага тэрмінова здавацца
Аляксандр Лукашэнка ўсклаў адказнасць за адсутнасць перамоў на Уладзіміра Зяленскага, заявіў пра крытычную сітуацыю для Украіны і заклікаў да тэрміновага мірнага ўрэгулявання.
Уладзіміру Зяленскаму трэба хутчэй прымаць рашэнні для мірнага ўрэгулявання, каб пазбегнуць знікнення Украіны як дзяржавы. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў расійскім журналістам падчас саміту СНД у Таджыкістане, піша БЕЛТА.
Журналісты пацікавіліся меркаваннем Лукашэнкі пра тое, «калі кіраўніцтва Украіны зразумее, што перамовы лепш, чым вайна».
Лукашэнка сказаў, што раней быў схільны абвінавачваць у недамоваздольнасці еўрапейскіх лідараў. Але цяпер думае інакш.
«Мы атрымліваем шмат інфармацыі ў апошнія дні, што тут справа не ў Злучаных Штатах Амерыкі, якія вельмі хочуць прасоўвання тут [у мірным працэсе], не ў Расіі, якая гатова да прасоўвання, і не ў еўрапейскіх лідарах, а больш ва Уладзіміры Аляксандравічы Зяленскім праблема. Я думаю, што ён усё зразумее і разумее», — сказаў ён.
«Мне здаецца, Уладзімір Аляксандравіч схільны да таго, каб на яго быў ажыццёўлены магутны ціск звонку. Тады пад гэтым ціскам будуць прыняты адпаведныя рашэнні», — дадаў Лукашэнка.
Ён упэўнены, што прымаць такія рашэнні варта тэрмінова, бо «Украіна можа знікнуць як дзяржава». «Дзейнічаць трэба тэрмінова. Расія прасоўваецца на фронце. Я гэта кажу адказна, бо кожны дзень гэта назіраю фактычна. І гэта можа прывесці да знікнення Украіны як дзяржавы», — заявіў ён.
Акрамя таго, сцвярджае Лукашэнка, заходнія суседзі пагражаюць Украіне.
«Паглядзіце на гэтых ашалелых суседзяў з захаду. Вядомыя ўжо сілы і дзяржавы бачаць сябе ў Заходняй Украіне. Яны ўжо гатовыя адцяпаць частку Украіны, як гэта было да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Таксама разумееце, пра што ідзе гаворка. Таму там замес вельмі сур'ёзны», — нагнятае Лукашэнка.
Пасля таго, як папужаў украінскага калегу, Лукашэнка паказаў пернік.
«Чарговы раз скажу, каб прэзідэнт Украіны пачуў мае прапановы і зразумеў, што шчасця яму на тэрыторыі Украіны ніхто не прынясе, акрамя славянскіх дзяржаў. Таму трэба сесці і дамовіцца», — сказаў Лукашэнка.
Выказванні Аляксандра Лукашэнкі хлуслівыя. У рэальнасці гэта Расія пры падтрымцы Беларусі напала на Украіну і захапіла частку яе тэрыторыі. У выпадку калі Расія спыніць агонь, вайна спыніцца імгненна.