У Крамлі заявілі пра «сур'ёзную занепакоенасць» з-за магчымых паставак «Тамагаўкаў» Кіеву
Ракеты маюць высокую далёкасць і могуць быць як у ядзерным, так і ў бяз'ядзерным выкананні, заявіў Дзмітрый Пяскоў. Але яны ўсё роўна не зменяць сітуацыю на полі бою, дадаў ён.
Тэма магчымых паставак Украіне крылатых ракет «Тамагаўк» выклікае ў Расіі сур'ёзную занепакоенасць, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў.
«Зброя гэта асаблівая, можа быць у бяз'ядзерным, ядзерным выкананні. Высокая далёкасць зброі, сур'ёзная», — сказаў Пяскоў, адзначыўшы пры гэтым, што «Тамагаўкі» не могуць змяніць сітуацыю на полі бою.
Пяскоў адзначыў, што Расія вывучае заявы, якія гучаць на Захадзе наконт імавернай перадачы ракет. Цяпер «вельмі драматычны момант з пункту гледжання таго, што з усіх бакоў нагнятаецца напружанасць».
На пытанне прапагандыста Зарубіна, «ці можа Расія падазраваць», што ракета пры запуску можа быць у ядзерным выкананні, Пяскоў адказаў: «Уявіце сабе, ракета з вялікім радыусам дзеяння ўзлятае і ляціць, і мы ведаем, што яна можа быць у ядзерным выкананні. Што думаць Расійскай Федэрацыі? Ваенныя эксперты за акіянам павінны ж гэта разумець».
Расія па-ранейшаму гатова да ўрэгулявання і робіць выснову, што палітычную волю да працягу перамоў захоўвае прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, аднак Еўропа і Украіна гэтага не хочуць, дадаў Пяскоў.
У пачатку кастрычніка прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што «ў пэўнай ступені прыняў рашэнне» аб пастаўках ракет Кіеву. Крэмль папярэдзіў, што такі крок стане «сур'ёзным вітком эскалацыі». Уладзімір Пуцін пагражаў, што пастаўка Кіеву «Тамагаўкаў» разбурыць адносіны з ЗША.
У расійскім Міністэрстве замежных спраў заявілі, што ЗША «павінны разумець цяжар наступстваў» перадачы Украіне дальнабойных ракет «Тамагаўк».