У Мазыры здымаюць «чысты» серыял — без гвалту, алкаголю і пошласці. Уся здымачная група і акцёры — мясцовыя жыхары
Серыял пад назвай «Любіце, пакуль любіцца!» стаў падзеяй для рэгіёна: на здымачную пляцоўку прыходзяць сем’ямі, распавядае мясцовы канал.
У Мазыры здымаюць серыял без прафесійных акцёраў, паведамляе тэлеканал «Мазыр». Уся здымачная група складаецца са звычайных жыхароў горада.
Аўтарка праекта — рэжысёрка, сцэнарыстка і прадзюсарка Валянціна Герасімава — вярнулася з Партугаліі, дзе даўно жыве, на радзіму.
Як адзначае Герасімава, гэта будзе «чысты» фільм — без сцэн гвалту, алкаголю і пошласці.
«У нас няма курэння, алкаголю, насілля, пошласці і іншага», — адзначыла ў інтэрв'ю мазырскім тэлевізіёншчыкам Валянціна Герасімава.
У цэнтры сюжэту — гісторыя кахання і прыгажосці паўсядзённага жыцця, знятая сярод знаёмых месцаў у Мазыры.
Валянціна кажа, што сцэнарый карціны дагэтуль не дапісаны праз неверагодную папулярнасць серыяла ў мясцовых жыхароў. Мазыране даведваюцца з тыктоку або ад сяброў пра здымкі і просяцца на пляцоўку цэлымі сем'ямі.
Валянціна не адмаўляе — так у фільме з'яўляецца ўсё больш акцёраў.
Прэм’ера «Любіце, пакуль любіцца!» запланавана на 2026 год. Пабачыць серыял можна будзе на YouTube.