Пакуль гамяльчанка спала ў плацкарце, 82‑гадовы дзед скраў яе красоўкі
Дзяўчына залезла на верхнюю паліцу, а абутак пакінула ўнізе. Калі прачнулася, красовак ужо не было.
82‑гадовы дзед з Магілёўскай вобласці падарожнічаў цягніком. Ён купіў білет у плацкарт. Суседкай аказалася дзяўчына з Гомеля. Ёй дасталася верхняя паліца. Таму гамяльчанка спакойна зняла красоўкі, пакінула іх на падлозе і залезла на сваё месца.
Дзядулю красоўкі, відаць, вельмі спадабаліся. Бліжэй да ночы ён прыхапіў абутак і выйшаў на сваім прыпынку. Дзяўчына выявіла прапажу толькі зранку, калі прачнулася. Спачатку яна падумала, што красоўкі проста забіліся пад якую-небудзь паліцу. Але іх нідзе не было. Тады гамяльчанка звярнулася ў міліцыю.
Сілавікі хутка знайшлі дзядулю і красоўкі. Пенсіянер так і не змог растлумачыць, чаму наважыўся на такі імпульсіўны крок. На яго завялі крымінальную справу за крадзеж.