У Ваўкавыскім раёне жыхарку вёскі аштрафавалі за вялікую колькасць катоў. Але юрыстка дапамагла адбіцца
У Беларусі дзейнічае пастанова Савета Міністраў яшчэ з 2001 года, паводле якой у кватэры дазваляецца трымаць не больш за двух хатніх жывёл — незалежна ад таго, каты гэта ці сабакі. Гэты дакумент існуе даўно, але апошнім часам ён стаў прычынай шматлікіх штрафаў і непаразуменняў. Паводле слоў юрыстаў, колькасць выпадкаў прыцягнення людзей да адміністрацыйнай адказнасці за «парушэнне правілаў утрымання хатніх жывёл» значна ўзрасла, піша BGMedia.
Фота ілюстрацыйнае
Адным з такіх выпадкаў стала гісторыя жыхаркі Валкавыскага раёна Таццяны. Пасля смерці сваёй маці яна пераехала ў вёску з Мінска і прывезла з сабой двух сваіх катоў. А ў яе маці ўжо былі адзін кот і сабака. У выніку ў доме апынуліся чатыры жывёліны.
Суседка, якая жывёл не любіць, падала скаргу ў адміністрацыйную камісію, сцвярджаючы, што каты нібыта псуюць дзверы, пакідаюць бруд і што іх колькасць перавышае дапушчальную норму.
Камісія не стала разбірацца ў сітуацыі і палічыла, што Таццяна парушыла закон, таму яе аштрафавалі на пяць базавых велічынь. Пры гэтым чыноўнікі не ўлічылі, што дом, у якім яна жыве, не шматкватэрны, а блакаваны (г. зн. мае асобны ўваход і тэрыторыю).
Паводле дзейнага заканадаўства, абмежаванне ў дзве жывёліны дзейнічае толькі для шматкватэрных дамоў, а ў прыватных або блакаваных дамах ніякіх лімітаў няма.
Таццяне на дапамогу прыйшла юрыстка Святлана, якая бясплатна дапамагла ёй падрыхтаваць скаргу ў райвыканкам. Пасля праверкі рашэнне аб штрафе было адменена, бо высветлілася, што ніякага парушэння не было.
Святлана падкрэсліла, што Таццяне проста пашанцавала, што яна зрабіла публікацыю ў тыктоку і юрыстка яе заўважыла, бо большасць людзей не ведаюць, як сябе абараніць, і проста плацяць штраф.
Гісторыя выклікала вялікую дыскусію ў сацыяльных сетках. Многія беларусы прызналіся, што ўпершыню пачулі пра існаванне закона, які абмяжоўвае колькасць жывёл у кватэры. Адныя карыстальнікі здзівіліся, а іншыя абурыліся, што такі састарэлы дакумент да гэтага часу дзейнічае.
Святлана патлумачыла, што гаворка тут не пра «ўдачу», а пра вынік юрыдычнай працы: трэба ўмець аналізаваць матэрыялы адміністрацыйнай справы, пісаць скаргі і прыкладаць адпаведныя дакументы. На жаль, бясплатна гэтым займаецца вельмі мала хто, таму многія людзі не маюць магчымасці адстойваць свае правы.
Пакуль у Беларусі дзейнічае старая пастанова 2001 года, якая дазваляе мець у кватэры толькі дзве жывёліны. Новыя правілы Савет Міністраў абяцае прыняць у гэтым годзе, аднак, паводле меркавання юрыстаў і актывістаў, спадзявацца на тое, што патрабаванні стануць мякчэйшымі, не даводзіцца.
Чытайце таксама:
Жыхарка Гомеля заплаціць больш за 3 тысячы рублёў за сабаку, які справакаваў ДТЗ
У Гродне з'явілася новая знакамітасць — прыгожы руды кот
Міліцыя абвяргае, што ў гібелі катоў у Мінску вінаваты скуралуп