За дапамогу Гаюну пасадзілі маладога зампаліта пагранічнай заставы з Хойнікаў
Артур Сыракваша працаваў на мяжы, праз якую расійская тэхніка ішла ва Украіну.
Артур Сыракваша
Гомельскі абласны суд вынес прысуд па справе 31‑гадовага жыхара Хойнікаў Артура Сыраквашы. Яго абвіначвалі па ч. 1 і ч. 2 артыкула 361‑4 Крымінальнага кодэкса — тыповы набор для фігурантаў справы Гаюна.
Артур Сыракваша працаваў намеснікам начальніка пагранічнай заставы «Хойнікі», створанай у 2020 годзе. Быў сакратаром мясцовага БРСМ.
У анкеце Артура «Укантакце» пазначана, што ён родам з Мінска, закончыў БДУ.
Артур Сыракваша
У канцы 2010‑х хлопца ўключалі ў участковую камісію на мясцовых выбарах у суседнім Лоеве, дзе ён тады служыў.
Найлепшым адпачынкам у жыцці Артур Сыракваша называў паездку з жонкай Кацярынай у Адэсу.
У міліцэйскай базе «экстрэмістаў» насупраць прозвішча Сыраквашы стаіць пазнака «адбывае пакаранне». Гэта значыць, што ён атрымаў ці калонію, ці хімію з накіраваннем. Аднак практыка паказвае, што сілавікам, затрыманым па справе Гаюна, часцей за ўсё прысуджаюць менавіта калонію.