БЕЛ Ł РУС

Адзіны асуджаны, які вырашыў абскардзіць прысуд па справе Пеліко, атрымаў больш працяглы тэрмін

10.10.2025 / 7:24

Nashaniva.com

Суд на поўдні Францыі павялічыў на год тэрмін турэмнага зняволення адзінаму мужчыну, які абскардзіў прысуд за згвалтаванне Жызэль Пеліко.

Жызэль Пеліко. Фота: Arnold Jerocki/Getty Image

44‑гадовы Хусамецін Даган сцвярджаў, што ён невінаваты, нягледзячы на шакавальны відэазапіс таго, як ён займаецца сэксам з нерухомай Жызэль Пеліко, паказаны ў судзе, піша Бі-бі-сі.

Як і многія іншыя мужчыны, асуджаныя ў снежні мінулага года, Доган сцвярджаў, што не можа быць вінаваты ва згвалтаванні Жызэль, таму што не ведаў, што муж накачаў яе наркотыкамі супраць волі.

Доган адхіліў абвінавачванні ў згвалтаванні, хоць прызнаў, што Жызэль стала відавочнай ахвярай дзеянняў свайго мужа.

«Я здзейсніў сэксуальнае дзеянне, я нікога не гвалтаваў, — сказаў ён. — Для мяне згвалтаванне — гэта калі кагосьці прымушаюць, звязваюць, я не ведаю… Я — ахвяра».

Жызэль Пеліко заявіла суду, што яна «адзіная ахвяра», адмаўляючы, што калі-небудзь давала згоду.

Звярнуўшыся да Дагана, яна сказала: «Ты не разумееш, што гэта было згвалтаванне. Калі ты прызнаеш, што гэта злачынства? Мне сорамна за цябе».

Даган паспрабаваў перакласці віну на Дамініка Пеліко і сказаў, што ў нейкі момант у яго былі «падазрэнні», што сітуацыя была не зусім нармальнай, але Пеліко яго супакоіў.

«Гэты чалавек — маніпулятар», — сказаў Даган. 

Слуханні ў Німе фактычна ўяўлялі сабой паўторны судовы разгляд, але, у адрозненне ад першапачатковага працэсу ў снежні мінулага года, гэтую справу разглядала журы з дзевяці грамадзян і трох прафесійных суддзяў.

Дзяржаўны абвінаваўца Дамінік Сье настойваў на 12‑гадовым тэрміне для Дагана, бо ён «не гатовы прызнаць сваю адказнасць» за «жахлівы акт, які разбурыў асобу жанчыны і пазбавіў яе чалавечай годнасці».

У выніку апеляцыйны суд павялічыў першапачатковы тэрмін зняволення з дзевяці да дзесяці гадоў. У снежні мінулага года Даган быў прызнаны вінаватым у згвалтаванні пры абцяжваючых абставінах у рамках працэсу, па выніках якога былі асуджаны яшчэ 50 мужчын.

З 51 мужчыны (уключаючы мужа Пеліко), якія атрымалі турэмны тэрмін, 17 першапачаткова падалі апеляцыі, але неўзабаве адклікалі іх.

Хусамецін Даган стаў адзіным, хто давёў сваю апеляцыю да суда.

Пеліко, які прысутнічаў у судзе ў якасці сведкі, адмаўляў, што калі-небудзь прыкідваўся, быццам яго жонка будзе ў свядомасці.

Усе мужчыны, якіх ён знаходзіў у чатах, «былі папярэджаны, што яна будзе пад дзеяннем наркотыкаў», заявіў Пеліко, дадаўшы, што ён наўпрост сказаў Дагану, што шукае «кагосьці, хто зняважыць маю спячую жонку без яе ведама».

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула