У Расіі «Бессмяротны полк» падаў у суд на «Бессмяротны полк»
У няроўным баі сышліся дзве арганізацыі, якія займаюцца адным і тым жа. Толькі вось адзін з палкоў актыўна падтрымлівае дзяржава.
Ілюстрацыйнае фота: «Наша Ніва»
У Расіі «Бессмяротны полк» падаў у суд на «Бессмяротны полк». Усё з-за брэнда і таварнага знака.
Пазоў падаў «Бессмяротны полк Расіі». Гэта, можна сказаць, флагманская арганізацыя, якая і займаецца маршамі з партрэтамі ўдзельнікаў вайны. Гэты «Бессмяротны полк» карыстаецца поўнай падтрымкай дзяржавы і курыруецца з Адміністрацыі прэзідэнта Расіі. Гадавы бюджэт галаўной арганізацыі складае аж 1,2 мільёна даляраў. Узначальвае арганізацыю Наталля Шадрына, якая была даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на апошніх выбарах, піша «ЕЖ».
Адказчыкам у судзе стаў «Бессмяротны полк — Масква», звязаны з экс-дэпутатам і бізнэсменам Мікалаем Зямцовым. Гэтая арганізацыя куды бяднейшая — бюджэт да 250 тысяч даляраў у год — і не карыстаецца такой падтрымкай дзяржавы.
Цікава, што «Бессмяротны полк Расіі» першапачаткова арандаваў у маскоўскай арганізацыі таварныя знакі ў выглядзе зорак-значкоў, але потым неяк перарэгістраваў іх на сябе. Цяпер яны патрабуюць пазбавіць «Бессмяротны полк — Масква» ўсіх правоў на гэтыя таварныя знакі пад падставай, што арганізацыя іх не выкарыстоўвае.
Цікава, што ў рэгіёнах Расіі ёсць і іншыя «Бессмяротныя палкі». На першынство прэтэндуе томская арганізацыя, створаная мясцовымі журналістамі.
Адзін з аўтараў ідэі Сяргей Лапянкоў лічыць, што «ўмяшанне ўладаў вырадзіла першапачатковы сэнс акцыі, і яна ператварылася ў цалкам штучную». У томскай арганізацыі ёсць правы на свае таварныя знакі. За якімі, цалкам магчыма, неўзабаве таксама прыйдуць.
«Бессмяротны полк» стаў адной з ключавых прапагандысцкіх акцый у Расіі. Ідэолагі «рускага свету» спрабуюць экспартаваць гэтую ідэю і ў іншыя краіны.
У Беларусі да апошняга часу яны сустракалі сур’ёзнае супраціўленне з боку ўладаў, якія ў процівагу прыдумалі сваю акцыю «Беларусь памятае». Не так даўно Лукашэнку нават давялося апраўдвацца перад Пуціным за забарону «Бессмяротнага палка».