БЕЛ Ł РУС

Партугальскі ўрад выставіў мясцовым удзельнікам флатыліі ў Газу рахунак за дэпартацыю з Ізраіля

8.10.2025 / 21:54

Nashaniva.com

Урад Партугаліі папрасіў чатырох партугальскіх актывістаў, якія спрабавалі даплысці ў складзе міжнароднай гуманітарнай флатыліі да сектару Газа, аплаціць выдаткі на дэпартацыю з Ізраіля. МЗС краіны адзначыла, што ўдзел у флатыліі быў цалкам добраахвотным, таму ўсе выдаткі ляжаць на саміх удзельнікаў, паведамляе Euronews.

Фота ўдзельнікаў флатыліі: Kike Rincon/Europa Press via Getty Images

Партугальскае МЗС спачатку набыло суайчыннікам квіткі дадому, кіруючыся практычнымі меркаваннямі, але цяпер патрабуе кампенсацыі выдаткаў, сума якіх не агучваецца. Улады Партугаліі падкрэслілі, што гэтая місія была гуманітарнай і не фінансавалася за кошт дзяржаўнага бюджэту.

Кіраўніца партугальскай групы Марыяна Мартагуа адкрыта раскрытыкавала рашэнне ўрада, называючы яго «бесхрыбетным», бо, па яе словах, каманда хацела супрацьстаяць «генацыду ў Газе». У суседняй Іспаніі, дарэчы, урад узяў на сябе выдаткі на вяртанне сваіх актывістаў дадому.

Флатылія з 40 суднаў, на борце якой былі прапалесцінскія актывісты з розных краін, у тым ліку знакамітая шведка Грэта Тунберг, была перахопленая Ізраілем, які загадзя папярэджваў, што не дапусціць флатылію ў зону баявых дзеянняў. МЗС Ізраіля паведаміла, што мае доказы датычнасці да праекта флатыліі групоўкі ХАМАС. Актывістаў затрымалі, а пасля пачалі працэс іх дэпартацыі.

Чытайце таксама:

Сёння Ізраіль выдварыць Грэту Тунберг і 175 удзельнікаў флатыліі

Ізраіль спыніў судны флатыліі Грэты Тунберг, сама Грэта затрыманая

Дрон у Міжземным моры атакаваў судна Грэты Тунберг на шляху ў Газу

Флатылія Грэты Тунберг з 21 судна зноў плыве ў Газу

Каментары да артыкула