Новы трэнд: цыбульны сок, каб валасы сталі здаравейшыя. Гэта праўда працуе?
Цыбуля і яе сок сталі новым хітом у сацыяльных сетках. Інфлюэнсэры абяцаюць, што гэты просты хатні сродак паскарае рост валасоў, робіць іх мацнейшымі і бліскучымі. Як гэта працуе?
Парады па доглядзе за валасамі запатрабаваныя. Апошні трэнд — цыбульны сок. Як і многія іншыя натуральныя сродкі, якія набылі папулярнасць у сацыяльных сетках, ён сапраўды можа палепшыць стан валасоў і скуры галавы, калі выкарыстоўваць яго рэгулярна. Але каб атрымаць рэальны эфект, трэба разумець, як ён дзейнічае і чаго варта чакаць.
Што кажа навука? У чым сакрэт цыбулі?
«Цыбульны сок выкарыстоўваецца як хатні сродак на працягу многіх гадоў, і ёсць пэўныя доказы яго карысці», — расказвае дэрматолаг Мона Фоад у інтэрв'ю часопісу Glamour.
Галоўны сакрэт цыбулі — высокае ўтрыманне серы. Гэты элемент з'яўляецца найважнейшым кампанентам кераціну, бялку, з якога складаюцца нашы валасы. «Калі дадатковая сера трапляе на скуру галавы, яна можа спрыяць умацаванню ломкіх валасоў, змяншаць іх далікатнасць і ствараць больш здаровае асяроддзе для росту валасоў», — тлумачыць доктар.
З ёй згодная і трыхолаг Кэры Ейтс. Яна дадае, што цыбуля багатая на антыаксіданты і флаваноіды, а таксама валодае антымікробнымі і супрацьзапаленчымі ўласцівасцямі. Гэта робіць цыбулю выдатным памочнікам у барацьбе з такімі праблемамі, як, напрыклад, перхаць.
Аднак Ейтс адзначае, што цыбульны сок не столькі паскарае рост, колькі пры рэгулярным выкарыстанні паляпшае агульны выгляд валасоў і надае ім здаровы бляск.
Некаторыя даследаванні паказваюць, што цыбульны сок можа паляпшаць кровазварот у валасяных фалікулах, асабліва калі спалучаць яго нанясенне з масажам скуры галавы.
Тым не менш, эксперты падкрэсліваюць: гэта не лекі ад медыцынскіх прычын выпадзення валасоў, такіх як алапецыя, а хутчэй дапаможны натуральны метад для ўмацавання валасоў.
Каму падыдзе, а каму — не?
Эфектыўнасць цыбульнага соку залежыць ад тыпу валасоў і стану скуры галавы.
Каму падыдзе? Найбольшую карысць адчуюць людзі з тонкімі або радзейшымі валасамі. Сера дапаможа ўмацаваць іх і дадаць аб'ёму. Таксама сродак можа быць карысным для людзей з тлустай скурай галавы, бо цыбульны сок дапамагае збалансаваць выпрацоўку скурнага сала.
Каму варта быць асцярожным? Калі ў вас адчувальная скура, схільнасць да экзэмы ці раздражнення, ад гэтага метаду лепш адмовіцца. Канцэнтраваны сок можа выклікаць сверб і пачырваненне.
Зрабіць самастойна ці купіць у краме?
Прыгатаваць цыбульны сок у хатніх умовах даволі проста: дастаткова нацерці цыбуліну і адціснуць вадкасць. Аднак гэты працэс можа быць даволі клопатным, а неразведзены сок — занадта агрэсіўным для скуры галавы.
Калі вы робіце маску дома, эксперты раяць разводзіць яго вадой або змешваць з іншымі змякчальнымі кампанентамі, напрыклад, арганавым алеем, алеем сандалавага дрэва або рысавай вадой.
Самае важнае правіла: перад першым выкарыстаннем абавязкова праверце рэакцыю скуры на невялікім участку.
Калі ж хатнія клопаты вас не прывабліваюць, можна звярнуцца да гатовых касметычных сродкаў з экстрактам цыбулі. Яны, як правіла, больш зручныя ва ўжыванні і часта ўтрымліваюць дадатковыя кампаненты, якія заспакойваюць і ўвільгатняюць скуру, што робіць іх больш бяспечнымі.
Як часта выкарыстоўваць і калі чакаць вынікаў?
Па словах дэрматолага Моны Фаад, паслядоўнасць важнейшая за частату. У сярэднім, дастаткова выкарыстоўваць разведзены хатні сок або гатовы сродак два-тры разы на тыдзень. Штодзённае выкарыстанне не патрэбнае і можа прывесці да раздражнення.
Вынікі не з'явяцца імгненна. Некаторыя могуць заўважыць памяншэнне выпадзення валасоў праз 4‑6 тыдняў. Іншым можа спатрэбіцца два-тры месяцы пастаяннага выкарыстання, каб убачыць бачныя паляпшэнні. Але памятайце: калі вы адчуваеце моцнае раздражненне, працэдуры варта спыніць.
А што наконт паху?
Гэта, бадай, галоўнае пытанне, якое хвалюе ўсіх. Так, пах цыбулі вельмі ўстойлівы, і пазбавіцца ад яго бывае няпроста. Прыхільнікі метаду прапануюць некалькі спосабаў мінімізаваць непрыемны водар:
дадаць у маску гель алоэ вера, цытрынавы сок або некалькі кропель эфірнага алею з прыемным водарам (лаванда, мята);
пасля працэдуры старанна прамыць валасы мяккім шампунем і выкарыстаць кандыцыянер з моцным, свежым водарам.
Такім чынам, цыбульны сок — сапраўды змяшчае карысныя рэчывы і можа палепшыць стан валасоў, асабліва калі яны аслабленыя ці ломкія. Аднак навука пакуль не пацвярджае, што ён рэальна паскарае рост або лечыць аблысенне. Таму выкарыстоўваць яго можна як натуральны дадатак да асноўнага догляду — але з розумам і асцярожнасцю.
Чытайце таксама:
Чаму ўсё больш жанчын цяпер носяць доўгія валасы?
Галоўныя памылкі, якія мы робім у доглядзе валасоў
Як часта трэба мыць галаву і ці карысныя кандыцыянеры і маскі, тлумачыць медык
Цыбуля не толькі ежа, але і добры сродак для вырашэння праблем са скурай