Новы беларускі тэлеканал «Спорт ТБ» пачне трансляцыю ў пятніцу ў 16:45
Новы беларускі тэлеканал «Спорт ТБ» пачне трансляцыю 10 кастрычніка. Пра гэта журналістам паведаміў гендырэктар СТБ Аляксандр Асенка, піша БелТА.
Фота: БелТА
Паводле яго слоў, на працягу апошніх двух гадоў тэлекампанія актыўна вяла перамовы з міжнароднымі спартыўнымі арганізацыямі і купіла правы на пэўны кантэнт, які паказваўся на тэлеканалах «СТБ» і «РТР-Беларусь». Асаблівым попытам карыстаўся сусветны футбол.
На тэлеканале «Спорт ТБ» заўзятары змогуць сачыць за сусветнымі спаборніцтвамі па футболе, тэнісе, плаванні, гандболе і іншых відах спорту.
Аляксандр Асенка дадаў, што тэлеканал таксама будзе вырабляць уласны спартыўны кантэнт.
«На пачатковым этапе мы будзем выкарыстоўваць той кадравы патэнцыял, які ёсць у нашай тэлекампаніі, але таксама будзем прыцягваць дадатковыя кадры, якія маюць дачыненне да спорту», — падсумаваў ён.
«Спорт ТБ» зойме сваё месца на 11‑й кнопцы ва ўсіх кабельных аператараў краіны. Эфір стартуе а 16:45 з трансляцыі адборачнага паядынку чэмпіянату свету па футболе 2026 Казахстан — Ліхтэнштэйн.
Нагадаем, што ў Беларусі ёсць спартыўны канал «Беларусь-5».