БЕЛ Ł РУС

Топавы беларускі валейбаліст уладкаваўся настаўнікам фізкультуры ў Польшчы

8.10.2025 / 9:45

Nashaniva.com

34‑гадовы Артур Удрыс гуляў у камандах дзесяці краін, станавіўся бронзавым прызёрам клубнага чэмпіянату свету. Пасля выбараў-2020 ён падпісаў ліст свабодных спартсменаў супраць гвалту і адмовіўся выступаць за нацыянальную зборную. Сёння Удрыс выкладае фізкультуру ў польскім Аўгуставе — невялікім горадзе на паўночным усходзе Польшчы. А яшчэ кансультуе як псіхолаг. MOST пагутарыў з валейбалістам пра жыццё пасля спорту, дзве працы і досвед эміграцыі.

Артур Удрыс. Фота з яго архіва

«Аўгустаў — роднае Глыбокае ў версіі 2.0»

Калісьці Артур гуляў у Польшчы, да таго ж у гэтай краіне жылі сябры — адзін з іх дапамог уладкавацца.

Жонка спартсмена з дзецьмі прыехалі ў Аўгустаў раней за яго, а ён пагадзіўся пагуляць сезон у Кітаі. У 2024 годзе ён вырашыў скончыць са спортам і далучыўся да сям'і. У Аўгуставе Артур жыве ўжо больш за год. У невялікім польскім горадзе спартсмену камфортна.

— Горад нечым нагадвае роднае Глыбокае, дзе правёў дзяцінства. Толькі ў версіі 2.0, вядома. Тут добрая інфраструктура, ёсць прыватныя садкі і школы, сучасныя супермаркеты, дастаўка выдатна працуе — баюся, Глыбокаму да Аўгустава далёка. Там пяць гадоў таму і мабільны інтэрнэт не ўсюды быў.

Па словах экс-валейбаліста, галоўныя праблемы ў яго тыя ж, што і ў многіх эмігрантаў: мова і пытанні легалізацыі.

— Калі б жыў у краіне, дзе не трэба вучыць мову і адразу б выдалі пашпарт, усё было б ідэальна. А так часам асцерагаешся: раптам улады прыдумаюць чарговы закон і давядзецца зноў пераязджаць. Але такая рэальнасць эміграцыі — я гэта прымаю.

«Варшава — не мой горад»

Падчас спартыўнай кар'еры Удрыс правёў два сезоны ў Польшчы. Клуб з Чэнстаховы быў першай замежнай камандай спартсмена, а ў 2019 годзе ён апынуўся ў Варшаве. Праўда, успаміны пра той час у яго не з прыемных.

— Гэта быў адзін з двух найгоршых сезонаў у кар'еры. Мала таго што недагулялі год з-за каранавіруса, дык яшчэ і абстаноўка ў калектыве была таксічная. Мне не падабаўся ні трэнер, ні, напрыклад, стаўленне старэйшых партнёраў да малодшых. Акрамя таго, атрымаў траўму на пачатку сезона, у якой вінаваціў сябе. Потым калена пастаянна апухала… Карацей, не ўпісаўся ў тую каманду.

Зараз Варшава ў яго вачах прайграе Аўгуставу, у тым ліку з-за стаўлення да імігрантаў.

— У маім асяроддзі палякі прыветлівыя, гатовыя дапамагчы пры неабходнасці. Не было такога, каб скоса глядзелі, калі гаварыў на рускай. А вось у Варшаве здаралася. Па працы рэгулярна езджу ў сталіцу, сустракаюся там і з сябрамі. Памятаю, з калегам у трамваі нешта абмяркоўвалі на рускай і нейкія, назавём так, маргіналы, прапанавалі «адправіцца» ва Украіну. У Аўгуставе нават у мясцовым ужондзе (дзяржаўным органе. — Заўв. MOST), калі я на суперламанай польскай спрабаваў паразумецца, мне сказалі, што ўсё добра, ніякі перакладчык не спатрэбіцца.

Беларусу не спадабалася ў Варшаве і па іншай прычыне.

— Унутры сталіцы раз'езды займаюць шмат часу, большыя цэны на прыватныя школы, арэнду жылля. Калі б пра пераезд у Беласток я б, можа, і падумаў у будучыні, то ў Варшаву — наўрад ці. Не мой горад.

«Ніхто не забараняе мне імправізаваць»

Нягледзячы на некаторы моўны бар'ер, Удрыс з 1 верасня гэтага года працуе ў Аўгуставе настаўнікам фізкультуры ў прыватнай школе. Ён праводзіць урокі ў дзяцей пяці класаў — з чацвёртага па восьмы, а яшчэ замацаваны за адным класам у ролі памочніка для дзіцяці з асаблівасцямі развіцця.

— У гэту школу ў другі клас ходзіць і мая дачка Кіра. Яна, дарэчы, калі штосьці не ведаю па-польску, мне дапамагае. Але наогул кіраўніца сказала, што калі на ўроках буду часцей выкарыстоўваць англійскую — а школа двухмоўная, — то нават лепш. Але я ўсё ж імкнуся часцей гаварыць на польскай. У Аўгуставе, дарэчы, амаль няма рускамоўных, што добра для хутчэйшай інтэграцыі.

Па словах Удрыса, у яго школе на ўроках фізкультуры няма нарматываў, добра знаёмых беларусам з дзяцінства.

— У праграме прапісаныя агульныя напрамкі, але ніхто не забараняе мне імправізаваць. Займаемся ў зале. У асноўным даю практыкаванні на камандныя ўзаемадзеянні.

«Прыярытэт — псіхалогія»

Артур пакуль не ўпэўнены, ці надоўга яго зацягне праца настаўнікам. Бо яшчэ падчас спартыўнай кар'еры валейбаліст скончыў Усходне-Еўрапейскі інстытут псіхааналізу па спецыяльнасці псіхолаг і стаў праводзіць анлайн-кансультацыі.

— Цяпер у мяне атрымліваецца так, што ў школе загрузка прыкладна 40 гадзін на тыдзень. Мог бы браць і больш гадзін, але ўсё ж прыярытэт — псіхалогія. Але пакуль няма такой колькасці кліентаў, каб забяспечыць фінансавую незалежнасць. А ў школе ў месяц зарабляю каля 6500—6800 злотых на рукі. Гэта добрая падмога, — распавядае беларус.

У працы ў школе адукацыя псіхолага і веданне тэрапеўтычных тэхнік часам вельмі дарэчы.

— Памятаю, дзве дзяўчынкі адмаўляліся трымацца за рукі з двума хлопчыкамі, як было прадугледжана падчас практыкавання. Штосьці адбылося. Па чарзе хадзіў да іх, каб высветліць прычыны канфлікту і што можна зрабіць для нармалізацыі зносін. І з дапамогай дыялогу і серый узаемных саступак удалося дабіцца, што, прынамсі цяпер, яны ўжо не задзіраюцца.

«Не хацеў быць зноў без сям'і»

Удрыс прызнаецца, што ў прыняцці вымушанай эміграцыі яму дапамагло спартыўнае мінулае — частая змена клубаў, краін, неабходнасць хуткай адаптацыі да незнаёмай культуры.

— Я гуляў не толькі ў Еўропе, але і ў Казахстане, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Кітаі, Катары. Праўда, у прафесійнай камандзе добрага ўзроўню за цябе амаль усе пытанні вырашае клуб. Хоць апошні сезон быў вельмі цяжкі. Знаходзіўся ў Кітаі без сям'і, у клубе пастаянна ціснулі, маўляў, трэба-трэба, давайце памром, але пераможам. Гэта ціснула маральна. Па-добраму трэба было заканчваць кар'еру яшчэ ў 2022‑м пасля сезона ў Грэцыі, калі з ПАОКам з Салонікаў выйграў Кубак краіны.

Далей, па словах Удрыса, яго цікавасць да валейбола паступова згасала.

— Можа, яшчэ б пагуляў сезон-два, але не хацеў быць зноў без сям'і. Мы з жонкай ужо зразумелі, што будзем жыць у Польшчы. Акрамя таго, валейбалістам у Еўропе сёння не плацяць столькі, колькі ў той жа Азіі. У фінансавым плане не было варыянтаў, каб мела сэнс зрывацца. Ну і заўсёды трэба памятаць пра краіны з «чырвонай зоны», якія могуць дапамагчы беларускаму рэжыму [у экстрадыцыі].

Артур добра разумее псіхалагічныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў эміграцыі.

— Цяжка змірыцца з думкай, што не можаш у любы момант прыехаць дадому, наведаць блізкіх. І ў мяне няма ўніверсальнай парады як дапамагчы. Сам добра разумею, што ў Беларусі мне было б лягчэй развіваць сваю практыку, мы з сям'ёй сумуем па Мінску. Няма і не будзе ідэальнай краіны. Але імкнуся пазбягаць часовых рашэнняў і інтэгруюся ў жыццё ў Польшчы.

«З сябрамі працаваць неэтычна»

У Артура і самога ёсць досвед звароту да псіхолага.

— І сіндром самазванца быў падчас кар'еры, і суіцыдальныя думкі прысутнічалі — маўляў, што мне ўвогуле рабіць пасля валейбола. Адкладаў да апошняга, пакуль не звярнуўся да псіхолага. Ведаеце, якая рыса аб'ядноўвае многіх беларусаў? Яны гатовыя аддаць усё чалавеку, які трапіў у бяду, але самі вось будуць трываць цяжкасці да апошняга. З аднаго боку, такое ратавальніцтва захапляе. З іншага, калі гэта выяўляецца ў гіпертрафіраванай форме, то ўзнікаюць праблемы. Складана не трываць, а якраз прызнаць праблему і папрасіць аб дапамозе.

Нядаўна разам з калегам Удрыс запусціў тэрапеўтычную групу ў Варшаве.

— У нас дзесяць чалавек. Як вы разумееце, у гэтай працы вельмі важная канфідэнцыяльнасць. Магу хіба што сказаць, што займаемся з беларусамі і ўкраінцамі. Так ці інакш усе запыты звязаны з адносінамі, прапрацоўкай сораму. Хутка плануем набраць і анлайн-групу.

Артур кажа, што ў яго практыцы былі і сесіі са спартсменамі.

— Пра адзін выпадак магу распавесці крыху падрабязней. Дамовіліся на дзесяць сесій з валейбалістам. Я яго ведаў павярхоўна — з сябрамі працаваць неэтычна, на такое ніколі не пайду. І мне вельмі спадабалася, як усё прайшло. Праблема, якая была ў спартсмена, знікла. Так што веданне спецыфікі дапамагае. Але не ведаю, ці хацеў бы працаваць са спартыўнай камандай. Спорт — гэта пра вынік, дасягненні, цярпенне, а псіхалогія факусуецца на пошуку асабістага шчасця. Хоць у Аўгуставе прапаноўвалі папрацаваць з валейбалістамі. Бясплатна. Я адмовіўся — з маім досведам гэта ўжо не варыянт.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула